Лукашэнку даводзіцца цярпець
- Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»
- 10.09.2026, 11:35
Дыктаратор ужо нават самому сабе стабільнасць як след гарантаваць не можа.
Цвікі б рабіць з гэтых людзей. Анджэй Пачобут усё ж такі прыехаў у Беларусь. Як і абяцаў. То бок хлопец сказаў — хлопец зрабіў. Хоць гэта, вядома, адзін з тых эксперыментаў, якія лепш не спрабаваць паўтараць у хатніх умовах. Бо потым доўга можа не быць ніякіх хатніх умоў.
Але цяпер не пра гэта. Калі Пачобут яшчэ нават не вярнуўся, а толькі збіраўся гэта зрабіць, беларускія тэлевізары ўжо палохалі ім дзяцей. Тлумачылі, што такі прэцэдэнт іх стабільнасць сабе дазволіць не можа. Што сведкі стабільнасці могуць усё няправільна зразумець.
Казалі, што калектыўнаму Захаду ўступаць нельга. Што калі калектыўнаму Захаду ўступіць, дык ён потым будзе прымушаць іх гаранта да гуманізму, пацыфізму і іншых шкодных для яго ўзросту заняткаў. А божы чалавек Азаронак проста баяўся, што Пачобут падарве ім усё нацыянальнае адзінства ў пераддзень светлага свята.
Карацей, тэлевізары тлумачылі, што Пачобута ў краіну пускаць нельга, а калі ўжо ўпусціць, то трэба адразу, момантальна, не даводзячы да граху, больш нікуды яго не выпускаць. Каб іншым непавадна было.
І, шчыра кажучы, я так і думаў. Я думаў, што Пачобута яны ў Беларусь не пусцяць, каб міжволі не давесці да граху. Бо, пагадзіся, няма ж нічога прасцейшага. Ну, там пашпарт у яго, прыкладам, аказаўся не той сістэмы. Ці заклініла шлагбаўм. Так-то шлагбаўм добры. Бо самыя перадавыя тэхналогіі. Але як толькі ўбачыць Пачобута, яго так кліне, што ніяк не можа адчыніцца.
Але не. Адчыніўся шлагбаўм. І што ты сабе думаеш, тэлевізары, якія перажывалі за сваю стабільнасць, цяпер Пачобута ў Беларусі ўпарта не заўважаюць. Хіба што божы чалавек Азаронак патлумачыў, што завербаваны агент КДБ Пачобут прыехаў набыць беларускія прадукты, каб уладкаваць правакацыі супраць генацыду беларускага народа. Ну гэта ж божы чалавек. Што з яго возьмеш? А астатнім тэлевізарам ужо, атрымліваецца, ніхто нічога не падрывае.
А таму што тэлевізары не дарэмна перажывалі. Бо Пачобут сваім прэцэдэнтам псуе ім усё нацыянальнае адзінства. Не кажучы ўжо пра генацыд беларускага народа. Бо як тэлевізары баяліся, так хтосьці і прагнуўся. Выходзіць, праявіў вялікую палітычную гнуткасць. Не ў кожнага б атрымалася ў такім ужо немаладым узросце.
Хоць я нават уявіць сабе не магу, як у кагосьці цяпер свярбяць рукі, каб больш нікуды Пачобута не выпусціць. Але, бачыш, вось ужо трэці дзень трымаецца. Бо на наступным тыдні ў госці да кагосьці прыедзе дарагі таварыш Коул. І хтосьці не можа дазволіць сабе Пачобута ў турме, калі Коул будзе ў Мінску. Бо Коул жа можа пакрыўдзіцца. А калі пакрыўдзіцца Коул, дык і Трамп можа засмуціцца.
То-бок жаданне не засмучаць міжволі Трампа аказалася мацнейшым за асноўны дзяржаўны інстынкт.
Але сам інстынкт нікуды ж не знік. Таму, зноў-такі, лепш не спрабаваць паўтараць гэты трук самастойна. Бо рукі ж свярбяць. Бо пасля ўсіх перажытых зняваг камусьці ж трэба даказаць сведкам сваёй стабільнасці, што ён яшчэ ого-го. Што генацыд беларускага народа пакуль ніхто не адмяняў.
Бо ўжо нават сведкі тэлевізара пачынаюць падазраваць нешта нядобрае. Напрыклад, што гарант іх стабільнасці ўжо нават сабе самому стабільнасць як след гарантаваць не можа. Таму даводзіцца сігналіць Трампу, абдымацца з Коулем і цярпець у Беларусі Пачобута. Бо інстынкт выжывання ў кагосьці мацнейшы за ўсе астатнія інстынкты. Нават за інстынктыўную цягу да генацыду беларускага народа. Хаця ў гэта, вядома, цяжка паверыць.
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»