На волю выйшлі Анастасія Кухта і Ірына Токарчук
- 10.09.2026, 14:03
Яны цалкам адбылі свой тэрмін.
На волю 10 верасня выйшлі палітзняволеныя Анастасія Кухта і Ірына Токарчук. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна». Яны цалкам адбылі свой тэрмін.
Нагадаем, Анастасія Кухта — сацыяльная актывістка з Мінска. Яе затрымалі ў лютым 2022 года па адміністрацыйным артыкуле, дома ў яе правялі вобшук. Пасля дзяўчыну перазатрымалі па арт. 342 у межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Таксама прад'явілі абвінавачанні па ч. 3 арт. 361 за заклікі да санкцый і па ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).
У кастрычніку 2022-га яе прысудзілі да пяці гадоў калоніі, праз два месяцы КДБ уключыў палітзняволеную ў спіс «тэрарыстаў», а МУС пазней — у спіс экстрэмістаў. З 10 сакавіка 2023 года Кухта знаходзілася ў жаночай калоніі. У маі 2023 года ў Анастасіі памерла маці, але яе не адпусцілі на пахаванне.
Ірыну Токарчук, маці былой палітзняволенай, блогеркі Вольгі Токарчук, затрымалі ў студзені 2024 года — падчас рэйду сілавікоў па блізкіх асуджаных. У жніўні 64-гадовую жанчыну прызналі вінаватай у садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці (частка 2 артыкула 361-4 КК) і прысудзілі тры гады калоніі.