BE RU EN

Развітанне з ілюзіямі

  • Юрый Федарэнка
  • 10.09.2026, 16:39

Агрэсар разумее толькі мову сілы.

Прадстаўнікі ЗША заклікаюць рыхтавацца да вайны, якая працягнецца гадамі. Гэты пасыл прагучаў з вуснаў намесніка міністра абароны ЗША па пытаннях ваеннай палітыкі Элбрыджа Колбі на 36‑м пасяджэнні Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн». Элбрыдж Колбі — службовая асоба, адказная за прыярытэты Узброеных сіл ЗША і размяшчэнне войскаў. Яго выступ — гэта хутчэй словы практыка, чым палітыка.

Што да практычных высноў, якія робіць Элбрыдж Колбі, дык яны зводзяцца да таго, што краінам НАТА і дэмакратычнаму свету варта рыхтавацца, па‑першае, да складанай зімы, якую давядзецца перажыць Украіне; па‑другое, да росту інтэнсіўнасці гібрыднай вайны Расіі супраць еўрапейскіх краін; і па‑трэцяе, да таго, што ваенныя патрэбы Украіны будуць захоўвацца яшчэ даволі доўга. Гэта не вычарпальны пералік выклікаў, а толькі базавы.

Амерыканскі чыноўнік развеяў ілюзіі тых, хто дагэтуль спадзяецца на «цудоўную дзеэскалацыю». Ён даў зразумець, што на дадзены момант гаворка не ідзе пра якія-небудзь канкрэтныя тэрміны «ўрэгулявання». «Мы не можам прадказаць, калі скончыцца гэтая трагічная вайна», — заявіў ён. Ці падзяляюць гэтую пазіцыю іншыя ўдзельнікі «Рамштайна»?

Прынамсі, генсак НАТА Марк Рутэ адназначна падзяляе гэты пункт гледжання. На ягоную думку, калектыўнаму Захаду варта не проста захоўваць падтрымку Украіны на цяперашнім узроўні, а ўзмацняць яе. У прыватнасці, ён заявіў: «Краінам Альянсу трэба прыкладаць больш высілкаў. У нас няма выбару». Заходнія СМІ, цытуючы гэтыя словы, робяць выснову: спроба аднавіць перамовы з Крэмлём плёну не прынесла. Насамрэч гэта занадта катэгарычная фармулёўка.

Справа ў тым, што любы доўгатэрміновы працэс так званых «мірных перамоваў» так ці інакш звязаны з вырашэннем «паралельных», але надзвычай важных праблем — такіх, як абмен ваеннапалоннымі, суднаходства ў Чорным моры, неабходнасць часовага спынення агню падчас візітаў міжнародных дэлегацый у Кіеў або Маскву і г. д. Адначасова вораг будзе выкарыстоўваць (і выкарыстоўвае) гэты механізм для маніпуляцый і прасоўвання ўласных інтарэсаў — да гэтага таксама трэба быць гатовымі.

Рэальны пачатак «мірнага» працэсу наўрад ці магчымы ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў. Цвярозую ацэнку сітуацыі нядаўна даў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыло Буданаў: «Хаця перамовы аб мірным урэгуляванні могуць аднавіцца ў верасні, умовы для спынення агню наўрад ці з'явяцца да наступнай вясны».

Выснова простая. Якія б «сігналы» ні пасылаў Крэмль, нам і нашым міжнародным партнёрам варта цвёрда памятаць: агрэсар разумее толькі мову сілы. Калі праціўнік цалкам вычарпае рэсурсны «запас трываласці» і страціць здольнасць да наступальных дзеянняў, а таксама пачне адступаць, тады з'явіцца падстава для сур'ёзнай размовы. Гэты момант набліжаецца, але не так хутка, як хацелася б.

Сілы абароны Украіны штодня і штоноч працуюць над стварэннем рэальных перадумоў для мірнага працэсу. Галоўным аргументам на дадзеным этапе павінен стаць ціск на ворага — па ўсіх напрамках і ва ўсіх сферах, у тым ліку на міжнароднай арэне. Напярэдадні зімы калектыўны Захад павінен узмацніць санкцыйны ціск на недаімперыю і павялічыць падтрымку Украіны. Гэта няпросты, працяглы шлях, але гэта шлях да Перамогі. Разам мы ўсё зможам. Слава Украіне!

Юрый Федарэнка, «Фэйсбук»

Апошнія навіны