BE RU EN

Санкт-Пецярбург рыхтуецца да масіраваных атак ЗСУ

  • 10.09.2026, 18:14

У горадзе дзевяць станцый метро прыстасуюць пад бомбасховішчы.

Пецярбургскі метрапалітэн вырашыў прыстасаваць дзевяць станцый да выкарыстання ў якасці сховішчаў грамадзянскай абароны. Акрамя іх, у праект увайшлі чатыры адсекі і каля 35 км чыгуначных шляхоў, піша «Фантанка» са спасылкай на даныя партала дзяржаўных закупак. 10 верасня падземка абвясціла пошук падрадчыка, які павінен падрыхтаваць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне будучых работ. Яму трэба будзе вызначыць, якія аб’екты неабходна будзе дабудаваць, якія — аснасціць дадатковым абсталяваннем, а якія — адаптаваць пад ахоўныя збудаванні.

Таксама падрадчыку трэба будзе ўлічыць магчымыя рызыкі для аб’ектаў грамадзянскай абароны — у прыватнасці, змяненне ўзроўню грунтавых вод, развіццё забудовы і маральнае старэнне абсталявання. Акрамя таго, у разлік неабходна ўзяць два сцэнары надзвычайных сітуацый: тэхнагенную катастрофу і пажар. Асобныя патрабаванні прад’яўлены да вентыляцыі сховішчаў. У выпадку траплення забруджанага паветра ў ахоўныя збудаванні сістэмы павінны забяспечваць яго эфектыўную ачыстку «ад радыеактыўнага пылу, аэразоляў і атрутных рэчываў».

У сакавіку метрапалітэн ужо абвяшчаў маніторынг цэн на паслугі па падрыхтоўцы аналагічнай дакументацыі.

Паралельна ў Пецярбургу праводзяць інвентарызацыю сховішчаў. У 2025 годзе ўлады праверылі 2633 адрасы з ахоўнымі збудаваннямі — як асобна размешчанымі, так і ў дамах. У камітэце па пытаннях законнасці, правапарадку і бяспекі тады заявілі, што большая частка такіх аб’ектаў патрабуе рамонту.

Акрамя таго, улетку 2026-га ў горадзе пачалі ўсталёўваць бетонныя сховішчы. Першыя падобныя збудаванні з’явіліся ў Кранштаце, дзе знаходзіцца адзін з ключавых пунктаў базавання Балтыйскага флоту. Ён неаднаразова падвяргаўся ўкраінскім атакам. Напрыклад, 3 чэрвеня там быў пашкоджаны карвэт «Бойкі», раней заўважаны ў суправаджэнні танкераў расійскага ценявога флоту. Ён знаходзіўся ў Кранштаце на рамонце.

Апошнія навіны