Расіяне кінуліся скупляць ударатрывалыя плёнкі для вокнаў і страхоўкі з-за росту колькасці атак БПЛА
- 10.09.2026, 19:07
Вайна вяртаецца туды, адкуль яна прыйшла.
Памнажаюцца выпадкі прылётаў украінскіх дронаў, якія ўсё часцей выбухаюць каля жылых дамоў або трапляюць у іх, што змушае расіян шукаць спосабы абароны ад БПЛА. Страхоўшчыкі фіксуюць шквал зваротаў з просьбамі застрахаваць кватэру або бізнес. Жыхары таксама спрабуюць абараніцца ад раненняў, калі вокны будуць выбітыя выбуховай хваляй, перадае The Moscow Times.
Попыт на ударатрывалыя плёнкі пецярбургскай кампаніі Solartek, якія наклейваюцца на шкло, каб прадухіліць разлёт аскепкаў, падскочыў сёлета на 50%, распавёў Reuters яе менеджар Павел Левіт. Паводле яго слоў, сярод кліентаў кампаніі, якая мае прадстаўніцтвы ў 13 рэгіёнах, — як звычайныя жыхары, так і кампаніі, а таксама дзяржаўныя ўстановы. «Цяпер гэты прадукт стаў настолькі папулярным, што на расійскім рынку нават назіраецца дэфіцыт ахоўнай плёнкі», — сказаў Левіт.
У адрозненне ад расійскай арміі, якая ракетамі і дронамі бамбіць жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў, беспілотнікі ЗСУ б'юць перадусім па інфраструктурных і ваенных аб'ектах. Тым не менш разам з інтэнсіўнасцю атак расце і колькасць выпадкаў трапляння ў жылыя дамы. Гэта могуць быць як абломкі збітага БПЛА, так і сам апарат, што адхіліўся ад мэты, напрыклад пад уздзеяннем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. На выходных падчас атакі дронаў было пашкоджана некалькі жылых дамоў у Растове; паводле даных мэра Аляксандра Скрябіна, пацярпелі чатыры чалавекі.
Таксама расіяне масава спрабуюць застрахаваць нерухомасць. Раней попыту на палісы ад удараў беспілотнікаў практычна не было, але за апошні год колькасць запытаў рэзка ўзрасла, распавёў Алег Ханін, генеральны дырэктар кампаніі «Саюз страхавыя брокеры»:
«Мы сядзім у [сваім маскоўскім] офісе, а кліенты з усёй Расіі тэлефануюць на ўсе нашы тэлефоны і пішуць на ўсе нашы электронныя адрасы».
Цяпер кампанія прапануе пакеты страхавання ад налётаў дронаў.
Паводле даных Банка Расіі, у першым паўгоддзі прэміі па палісах страхавання хатняй маёмасці выраслі на 18% у параўнанні з тым жа перыядам 2025 года. Адна з галоўных прычын — скачок попыту з-за пачашчэння атак дронаў, паведамляў у жніўні Усярасійскі саюз страхоўшчыкаў.
З-за высокага попыту рост прэмій можа працягнуцца, лічыць Ханін.