Польшча заявіла, што прадухіліла атаку на свой памежны пераход
- 11.09.2026, 8:18
У гэтым ёй дапамагла Украіна.
Польшча ў ноч на 10 верасня прадухіліла пагрозу аднаму са сваіх памежных пераходаў з Украінай, заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, паведамляе Reuters.
Што гэта была за «непасрэдная пагроза», Туск не ўдакладніў. Паводле яго слоў, прадухіліць яе ўдалося дзякуючы супрацоўніцтву з Украінай.
Туск нагадаў, што Расія «ужо звярталася да правакацыйных атак на памежныя пераходы», напрыклад, у Малдове. «Мы чакаем аналагічных дзеянняў у дачыненні да памежных пераходаў з Украінай і ў іншых краінах, уключаючы Польшчу», — сказаў польскі прэм’ер.
Паводле слоў Туска, ён атрымаў «даволі дакладны даклад» ад ЦРУ пра магчымыя падзеі ў бліжэйшыя месяцы. «Польшча і ўся Еўропа павінны быць гатовыя да розных варыянтаў развіцця падзей, якія датычацца не толькі сітуацыі на расійска-ўкраінскім фронце, але і абстаноўкі ўздоўж усходняга флангу ЕС», — заявіў прэм’ер-міністр Польшчы.