У Беларусі выявілі чатыры выпадкі ліхаманкі дэнге
- 12.09.2026, 10:48
Інфекцыю прывезлі з-за мяжы.
Захворванне прывозяць падарожнікі з краін, дзе вірус распаўсюджаны пастаянна. Цяпер санітарныя службы звяртаюць асаблівую ўвагу на Бангладэш: на пачатку верасня там рэзка вырасла колькасць захварэлых. Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Распаўсюджванне дэнге ўнутры Беларусі спецыялісты лічаць немагчымым: мясцовыя кліматычныя ўмовы не падыходзяць для жыцця і размнажэння асноўных пераносчыкаў віруса – камароў роду Aedes. Ад чалавека да чалавека захворванне таксама не перадаецца.
Аднак інфекцыю перыядычна прывозяць з-за мяжы. У 2024 годзе ў Беларусі зарэгістравалі восем завозных выпадкаў дэнге, у 2026-м – чатыры. У сувязі з гэтым санітарныя службы заклікаюць беларусаў, якія выязджаюць у краіны, дзе распаўсюджана захворванне, выконваць заходы засцярогі.
Асабліва складаная сітуацыя цяпер у Бангладэш. З пачатку года там шпіталізавалі каля 42 тысяч захварэлых, 117 чалавек памерлі. На пачатку верасня колькасць выпадкаў рэзка вырасла. Паводле ацэнак экспертаў, за ўвесь верасень колькасць шпіталізацый можа перавысіць 30 тысяч, а павышаная небяспека захаваецца прынамсі да кастрычніка.
У цэлым з пачатку 2026 года каля 1,4 млн выпадкаў дэнге зарэгістравалі ў 68 краінах. Сярод іх – папулярныя турыстычныя напрамкі ў Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі: Тайланд, Мальдывы, В’етнам, Шры-Ланка, Інданезія, Малайзія, Індыя і Камбоджа. Захворванне шырока распаўсюджана і ў краінах Лацінскай Амерыкі, у тым ліку ў Бразіліі, Мексіцы, Калумбіі, Перу, Балівіі і Эквадоры.
Ліхаманка дэнге – вірусная інфекцыя, якая звычайна пачынаецца з рэзкага павышэння тэмпературы. Сярод яе сімптомаў – моцны галаўны боль, боль у вобласці вачэй, ламата ў мышцах, касцях і суставах, засмучэнні стрававання і сып. У асобных выпадках захворванне можа перайсці ў цяжкую форму і прывесці да небяспечных крывацёкаў, паразы органаў і смерці. Спецыфічнага лячэння дэнге няма.