ЕС прадоўжыў санкцыі супраць Пуціна і Лаўрова на сем дзён
- 14.09.2026, 20:39
«Патрэбныя дадатковыя кансультацыі».
У панядзелак, 14 верасня, Камітэт пастаянных прадстаўнікоў дзяржаў ЕС у Бруселі (Coreper) прадоўжыў санкцыйны рэжым за парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны на сем дзён, бо Славакія і Францыя працягваюць настойваць на выключэнні са спісу двух расійскіх алігархаў.
Пра гэта паведамляюць журналісты «Еўрапейскай праўды» у Бруселі са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы ў ЕС.
Паслы дзяржаў Еўрасаюза змаглі прадоўжыць санкцыі супраць Расіі толькі на сем дзён – да поўначы аўторка, 22 верасня.
«Сёння ў другой палове дня Coreper зноў сабраўся для абмеркавання падаўжэння рэжыму ў дачыненні да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Каб даць дзяржавам-членам дадатковы час для ўсебаковага вывучэння прапаноў па падаўжэнні, Coreper пагадзіўся прадоўжыць рэжым на 7 дзён, да поўначы аўторка, 22 верасня», – паведамілі ў Ірландскім старшынстве.
Дыпламаты спадзяюцца, што за гэты час удасца дасягнуць кансенсусу адносна падаўжэння санкцыйнага рэжыму – у які, варта падкрэсліць, уваходзяць ваджак Крамля Пуцін, кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў і іншыя адыёзныя кіраўнікі Расіі.
- Абнаўленне санкцыйных спісаў неабходнае для далейшага падрыву расійскай ваеннай машыны і захавання ціску на тых фізічных і юрыдычных асоб, якія яе падтрымліваюць, спрыяюць ёй і атрымліваюць з яе выгаду. Гэта з'яўляецца прыярытэтам для Старшынства, – заявілі ірландскія дыпламаты.
Як ужо паведамлялася, падаўжэнне санкцыйнага рэжыму затрымалася, бо Славакія патрабуе выключыць з санкцыйнага спісу расійскіх алігархаў Міхаіла Фрыдмана і Алішэра Усманава, а Францыя яшчэ ў пятніцу, 11 верасня, далучылася да патрабавання выключыць Усманава.