Эксперт назваў уразлівае месца Крэмля
- 14.09.2026, 22:32
Як яшчэ мацней ударыць па эканоміцы Расіі.
Каб нанесці расійскай эканоміцы адчувальную шкоду, Украіне варта аказваць ціск не толькі на нафтаперапрацоўчую галіну, але і на лагістыку, склады паліва і авіязносіны.
Пра гэта ў інтэрв’ю «УНІАН» расказаў заснавальнік групы Prime Дзмітрый Леушкін.
«Трэба душыць не нафтавыя даходы, а эканоміку ў цэлым. Авіязносіны, лагістыку. Біць не толькі па нафтаперапрацоўцы, а менавіта па складах паліва, бо гэта наносіць даволі высокую і істотную шкоду», — сказаў ён.
Леушкін адзначыў, што асабліва адчувальнымі могуць быць страты ад пашкоджання буйных рэзервуараў з палівам і абмежавання працы партоў і аэрапортаў.
«Трэба наносіць удары па самалётах. Іх не так шмат, бо яны не могуць іх аднаўляць. Трэба рабіць гэта ноччу, калі там няма насельніцтва, наносіць удары па гэтых самалётах на аэрадромах. Калі мы не далятаем да аэрапортаў Шарамецьева, Внукава, дык ёсць Растоў. Вывесці з ладу 50% самалётаў грамадзянскай авіяцыі — гэта будзе добра, яны ўжо перастануць лётаць», — падкрэсліў эксперт.
У той жа час ён скептычна ацэньвае магчымы эканамічны эфект ад удараў па асобных расійскіх кампаніях, такіх як маркетплэйсы Wildberries і Ozon. На думку эксперта, нават іх банкруцтва не акажа дастатковага ўплыву, каб істотна пахіснуць эканоміку Крэмля.
«Гэта не прывядзе да поўнага краху эканомікі. Маркетплэйсы Wildberries і Ozon — гэта добра, але яны нічога не вырашаць», — адзначыў эксперт.
Затое, паводле яго, авіяцыйная галіна мае значна большае сістэмнае значэнне для Расіі з-за велізарнай тэрыторыі краіны. Эксперт лічыць, што сур’ёзныя праблемы з авіязносінамі маглі б мець маштабныя наступствы для расійскай эканомікі.