BE RU EN

Беларус злавіў вялізнага шчупака і нечакана выклікаў спрэчку ў сацсетках

  • 15.09.2026, 14:41

Фотафакт.

Рыбак Вячаслаў злавіў трафейнага шчупака вагой 12 кілаграмаў на Вілейскім вадасховішчы. На ўражлівы ўлоў звярнуў увагу мясцовы паблік «Навіны Вілейкі».

Драпежніца клюнула ў мінулую суботу ўвечары, калі Вячаслаў разам са сваім бацькам Міхаілам рыбачылі на глыбіні каля пяці метраў.

— Стаяла яна дзесьці метр-паўтара ад дна. Бацька і ўзяў яе ў падсачэк, у лодку зацягнуў. Праз тыдзень, 20-га, у яго юбілей — 70 гадоў, вось і падарунак, — падзяліўся Вячаслаў.

У якасці нажывкі мужчына выкарыстаў «мыш» — павярхоўную штучную прынаду, што імітуе плывучага грызуна.

Вага злоўленага шчупака склала 12 кілаграмаў, што лічыцца рэдкай удачай. Пры гэтым такі ўражлівы ўлоў — далёка не першы на рахунку рыбака: у мінулым сезоне Вячаслаў выцягнуў з таго ж вадаёма сома-гіганта на 44 кілаграмы.

Аднак радасць удачлівага рыбака падзялілі не ўсе. У тэматычных супольнасцях нечакана разгарэлася дыскусія: частка каментатараў палічыла, што такую ўзроставую драпежніцу варта было адпусціць назад у ваду.

«Ёй больш за 30 гадоў. Няўжо нельга ўзяць пяць штук па два кілаграмы, калі вам так патрэбныя катлеты?» — абурыўся адзін з удзельнікаў абмеркавання.

Іншыя ўсталі на абарону аўтара фота, запярэчыўшы, што рыба — аднаўляльны рэсурс, а спінінгісты, у адрозненне ад браканьераў і аматараў калабашак, заўсёды даюць здабычы сумленны шанец на барацьбу.

Апошнія навіны