У школах Аўстрыі мову жэстаў пачалі выкладаць як замежную
- 15.09.2026, 17:29
Школьнікі будуць вывучаць не толькі саму мову, але і культуру і гісторыю супольнасці глухіх.
З гэтага навучальнага года ў аўстрыйскіх школах пачалі выкладаць мову жэстаў як замежную, а з 2029 года школьнікі змогуць здаваць па ёй выпускныя экзамены. Пакуль гэтае новаўвядзенне закранула толькі старшакласнікаў, але ў далейшым гэты прадмет увойдзе ў праграму і малодшых класаў, піша «Еўрапульс».
Барацьба за прызнанне аўстрыйскай мовы жэстаў (ÖGS) працягвалася многія гады. Да 1980 года яе выкарыстанне ў школах афіцыйна забаранялася вучэбнымі праграмамі. Аднак у 2005 годзе ÖGS была замацавана ў Канстытуцыі краіны як самастойная мова.
Школьнікі будуць вывучаць не толькі саму мову, але і культуру і гісторыю супольнасці глухіх. Заняткі па ÖGS будуць прыблізна такімі ж, як урокі звычайнай замежнай мовы — вучняў чакаюць гульнявыя навучальныя матэрыялы, праекты і экскурсіі. Акрамя таго, на ўроках шырока будуць выкарыстоўвацца відэаматэрыялы.
Новы прадмет вядуць нячуючыя педагогі з адпаведнай адукацыяй, бо менавіта яны найлепш ведаюць культуру і гісторыю сваёй супольнасці. Выкладаць мову жэстаў могуць дазволіць і чуючым настаўнікам, але толькі пры ўмове, што яны валодаюць ÖGS на вельмі высокім узроўні.
Як кажа адна з распрацоўніц вучэбнай праграмы па ÖGS Лідзія Фенкарт, для чуючых школьнікаў веданне мовы жэстаў можа стаць каштоўным рэсурсам як у прафесійным, так і ў асабістым жыцці. Знаёмства з іншымі спосабамі зносін дапаможа чуючым і глухім людзям лепш разумець адно аднаго, а грамадству — стаць больш інклюзіўным.