Расіі пагражае новы бульбяны крызіс
- 15.09.2026, 19:16
Падзенне ўраджаю ацанілі ў мільён тон.
Бульбяны крызіс 2024–25 гг., калі ўраджай скараціўся на 20%, цэны ўзляцелі да рэкорднага за 20 гадоў узроўню, а Расія, каб пазбегнуць дэфіцыту, пачала маштабны імпарт, у тым ліку з Кітая і Манголіі, можа паўтарыцца ў найбліжэйшыя месяцы, перадае The Moscow Times.
Плошчы, засеяныя бульбай прамысловага вырошчвання, сёлета скараціліся да мінімуму за 18 гадоў — 277,8 тысячы га, пішуць аналітыкі «АБ-Цэнтра». Паводле іх прагнозу, ураджай бульбы сёлета з леташніх 8,5 млн тон скараціцца да 7,5 млн тон, то бок прыкладна на 12%. А гэта на 0,5–1 млн тон менш за спажыванне, якое Бульбяны саюз ацэньвае ў 8–8,5 млн тон штогод.
Сёлета знізіліся як плошчы, засеяныя бульбай, так і ўраджайнасць, падкрэслівае «АБ-Цэнтр». У выніку трэнды бягучага сельгасгода на гуртовым рынку «поўнасцю паўтараюць тэндэнцыі сельгасгода 2024/2025», лічаць эксперты. Тады ўраджай бульбы ў Расіі падаў да 7,3 млн тон, рост цэн дасягаў 173%, а дэфіцыт бульбы быў вымушаны прызнаць Уладзімір Пуцін.
Бульба ўжо прыкметна даражэе на паліцах супермаркетаў: на канец жніўня яе кошт павялічыўся на 35% у параўнанні з мінулым годам — да 59,1 рубля за кг, а цэны ў гуртовым гандлі падскочылі на 33% у гадавым вылічэнні. Як правіла, імпарт бульбы ў Расіі актывізуецца ў лютым, калі вычэрпваюцца запасы сабранага ўраджаю, але сёлета закупкі за мяжой, хутчэй за ўсё, давядзецца пачынаць на месяц раней, піша «АБ-Цэнтр».
Разам з бульбай імкліва даражэе і іншая агародніна «баршчовага набору»: капуста — на 35,2% год да года, цыбуля — на 27,2%, буракі — на 20,4%, морква — на 17,7%. Гэта ў 3–6 разоў вышэй за агульную інфляцыю, якую Расстат ацэньвае ў 6%.
Цэны на агародніну адлюстроўваюць назапашаны рост выдаткаў, адзначае старшыня Асацыяцыі кампаній рознічнага гандлю Станіслаў Богданаў: рэзка падаражэлі паліва і гаруча-змазачныя матэрыялы, падаражэлі насенне, угнаенні і захоўванне ўраджаю, выраслі выдаткі на перавозкі, асабліва да буйных мегаполісаў, куды агародніну трэба дастаўляць з паўднёвых рэгіёнаў.
Цэннікі на паліцах супермаркетаў разганяе ў тым ліку паліўны крызіс: назапашаны рост цэн на бензін з пачатку года ўжо перавышае 20%, і «гэты фактар паступова пачынае мацней уплываць на сабекошт перавозак і іншых тавараў», адзначае аналітык Freedom Global Уладзімір Чарноў.