«Хто яго за язык цягнуў?»
- 16.09.2026, 8:58
Шматдзетная беларуска «падлавіла» Лукашэнку.
Мінчанка нарадзіла трайню і нагадала кіраўніку Беларусі яго ж словы: «народзіце трох — прасіце, што хочаце». Шматдзетная маці папрасіла кватэру і спадзяецца, што абяцанне будзе выканана.
Зварот выклікаў вялікі рэзананс у сацсетках. Пры гэтым у каментарыях меркаванні падзяліліся. Адны лічаць, што «слова трэба трымаць», тым больш нарадзіць траіх дзяцей — гэта сапраўдны подзвіг.
Іншыя абураюцца. Як правіла, гэта людзі, у якіх таксама трое і больш дзяцей, аднак яны не атрымалі льготнага жылля. «Чым мы горшыя?» — пытаюцца такія бацькі і называюць зварот мінчанкі «нахабствам».
— Ну чаму ж нахабства? Калі Лукашэнка сказаў, дык, прынамсі, прасіць жанчына мае права. Хто яго за язык цягнуў? — разважае кіраўнік праекта Petitions.pro Уладзімір Кавалкін. — Лукашэнка сам стварыў патэрналісцкую дзяржаву і разам са сваёй прапагандай прасоўвае гэты вобраз.
Але ўвогуле сама сітуацыя, калі ў чалавека застаўся адзіны варыянт вырашэння праблемы — зварот у TikTok, вядома, ненармальная.
Нармальна — калі ў краіне ёсць і адэкватная іпатэка, і падтрымка дзяржавы.
Тут важна разумець, што з нараджэннем ужо другога дзіцяці ў Беларусі значна ўзрастае рызыка «дзіцячай беднасці». А трэцяе дзіця — гэта амаль гарантаваная «дзіцячая беднасць» для сям'і.
Я не кажу пра галечу, калі няма чаго есці. «Дзіцячая беднасць» — гэта стан, калі задавальняюцца толькі базавыя патрэбы, то бок паеў, апрануўся — і ўсё.
На ўсё астатняе — развіццё, навучанне, адпачынак, аздараўленне, спорт — у бацькоў няма ні грошай, ні часу. І рызыка такой «дзіцячай беднасці» высокая менавіта ў шматдзетных сем'ях.
Але з гэтай «дзіцячай беднасцю» мае сэнс змагацца. Тут гаворка нават не пра падтрымку бацькоў, а непасрэдна пра падтрымку дзяцей, бо яны не вінаватыя, што нарадзіліся ў шматдзетнай сям'і.
— А як можна змагацца з «дзіцячай беднасцю»?
— Найчасцей для такіх сем'яў прадугледжаны льготы і датацыі на розных узроўнях: льготная іпатэка, дапамогі, датацыі на гурткі і секцыі, першачарговыя месцы ў дзіцячых садках і школах і інш.
Каб бацькі маглі без праблем і чэргаў адправіць дзяцей у садок і школу, а самі заняліся працай і нешта зараблялі, у нармальнай дзяржаве падтрымка ідзе з розных бакоў.
Калі немагчыма ўсім раздаць кватэры, няхай бы ўсім давалі арэнднае жыллё, якое адпавядае памеру сям'і, за вельмі нізкую аплату. Гэта таксама варыянт.
Але вырашаць праблемы праз TikTok — дакладна ненармальна.
— Атрымліваецца, Лукашэнка трапіў у пастку сваіх абяцанняў. Як ён можа паступіць?
— Сітуацыя для яго супярэчлівая. З аднаго боку, на гэтым можна зрабіць добры піяр: узяць і забяспечыць гэтую сям'ю кватэрай.
Але тады з'явіцца іншая праблема — усе астатнія таксама так захочуць і пачнуць запісваць звароты.
Магчыма, зрабіць выгляд, што не пачуў, што зварот не дайшоў, будзе складана пры такой агалосцы. Таму не выключана, што перакіне рашэнне праблемы на мясцовы выканкам.
Можа, даручыць знайсці хаця б арэнднае жыллё, каб тэма сціхла. Бо відавочна: калі проста так задаволяць просьбу гэтай сям'і, гэта створыць прэцэдэнт. А на ўсіх кватэр не хопіць.
— Чаму гэты зварот выклікаў такі моцны рэзананс?
— Па-першае, таму што жанчына літаральна за язык злавіла кіраўніка. Па-другое, яна закранула вечную тэму шматдзетных і тых, хто супраць. Гэта спрэчка існуе шмат гадоў у нашым грамадстве.