Беларус паказаў непрыемную знаходку ў цукерцы «Любімая Аленка»
- 16.09.2026, 14:59
На «Камунарцы» пракаментавалі скаргі пакупнікоў.
Не самы прыемны сюрпрыз чакаў беларуса ўнутры цукеркі «Любімая Аленка». Мужчына сцвярджае, што адразу пасля таго, як разгарнуў абгортку, выявіў там дзве лічынкі. Фотаздымкам знаходкі ён падзяліўся ў Threads.
— Толькі адкрыў цукерку, а тут апарышы. Я цяпер увогуле баюся нешта купляць з гэтай прадукцыі, дарэчы, не першы такі выпадак, — напісаў мужчына.
У каментарыях пад публікацыяй з’явіліся і іншыя пакупнікі, якія расказалі пра падобныя выпадкі з прадукцыяй «Камунаркі». Некаторыя сцвярджаюць, што знаходзілі лічынак у цукерках і шакаладзе, у тым ліку набытых у фірмовых крамах.
Пазней на «Камунарцы» больш падрабязна пракаментавалі падобныя скаргі. Там звярнулі ўвагу, што шакалад і цукеркі патрабавальныя да ўмоў захоўвання: на іх стан могуць уплываць паветра, святло, вільгаць і перапады тэмпературы. Аптымальнай для шакаладу на фабрыцы называюць тэмпературу ад +15 да +21°C, а захоўваць яго ў халадзільніку не рэкамендуюць.
Асобна вытворца згадаў харчовую моль. У месцах захоўвання салодкасцяў, адзначылі на фабрыцы, неабходна выконваць таварнае суседства і сачыць за тым, каб там не з’явіліся шкоднікі.
Калі пакупнік выявіў сапсаваны прадукт, на «Камунарцы» раяць не выкідваць яго, а вярнуць у краму. Зрабіць гэта рэкамендуюць не пазней чым праз 14 дзён пасля пакупкі: пазней, як патлумачылі на прадпрыемстве, усталяваць крыніцу заражэння ўжо не атрымаецца. Пры неабходнасці гандлёвая кропка сама звяжацца з фабрыкай.