BE RU EN

Ва Украіне развіталіся з беларускім добраахвотнікам Ціханам «Францам» Клюкачом

  • 16.09.2026, 16:51

Ён загінуў 9 мая на Ліманскім напрамку.

Ва Украіне развіталіся з беларускім добраахвотнікам Ціханам «Францам» Клюкачом, які загінуў 9 мая на Ліманскім напрамку. З-за складанасцяў з эвакуацыяй цела і працэдурай апазнавання цырымонія адбылася толькі праз чатыры месяцы.

Апошняе развітанне з беларускім ваяром адбылося 13 верасня. У ім узялі ўдзел яго пабрацімы з 60-й асобнай механізаванай Інгулецкай брыгады, у складзе якой служыў Ціхан.

«13 верасня пабрацімы з 60-й Інгулецкай брыгады запрасілі нас на апошняе развітанне з Францам. Ціхан — герой і светлы ваяр украінскай і беларускай нацый. Таму пад скляпеннямі развітання гучалі Малітва ўкраінскага нацыяналіста і Зарок беларускага ваяра, гімн Украіны і святая «Пагоня», — паведаміў Беларускі добраахвотніцкі корпус у сваім Telegram-канале.

Ціхану Клюкачу аддалі апошнія ваенныя ўшанаванні. Пачэсны каравул зрабіў трайны залп.

Прадстаўніцы, якую Ціхан загадзя вызначыў сам, перадалі нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны, а таксама штандар 60-й брыгады, у шэрагах якой ён ваяваў.

Апошнія навіны