BE RU EN

Алена Лазарчык: Працягну барацьбу за вызваленне роднай краіны

  • 16.09.2026, 17:11

Вельмі хочацца верыць, што астатнія палітвязні таксама ў хуткім часе выйдуць на волю.

Пра гэта тэлеграм-каналу «Баста!» заявіла вызваленая сёння палітзняволеная, актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Лазарчык. Яна распавяла пра першыя ўражанні на волі.

- Я была ўпэўненая, што мяне вязуць у Мінск, каб «раскручваць» на яшчэ адзін тэрмін паводле артыкула 411, - сказала Алена Лазарчык. - Не ведала, што выйду на волю да сённяшняга дня. Была гатовая да зусім іншага варыянту. Цяпер у галаве – поўны сумбур, надта шмат уражанняў.

Дакладна ведаю адно: я працягну барацьбу з дыктатурай у Беларусі, барацьбу за вызваленне роднай краіны.

Хачу нагадаць, што ў турмах і калоніях па-ранейшаму застаюцца сотні палітвязняў. Трэба зрабіць усё магчымае, каб яны як мага хутчэй змаглі ўбачыць сваіх родных і блізкіх. Вельмі хочацца верыць, што ўсе іншыя нашыя палітвязні таксама ў хуткім часе выйдуць на волю.

Я бясконца ўдзячная ўсім людзям, якія за нас змагаліся, якія выцягвалі нас з турмы, якія дапамагалі падчас знаходжання за кратамі і якія дапамагаюць нам цяпер. Гэтыя людзі робяць велізарную працу, я ім вельмі ўдзячная.

Нагадаем, сёння 25 беларускіх палітвязняў былі вызвалены і вывезены ў Літву.

Напярэдадні спецпасланнік Трампа Джон Коул сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам. Адна з тэмаў перамоваў — вызваленне зняволеных.

Апошнія навіны