Giorgio Armani прадставіў восеньскую калекцыю для сабак
- 16.09.2026, 18:24
Рэчы падыдуць для сабак любых парод і памераў.
Італьянскі дом Giorgio Armani разам з брэндам аксэсуараў для сабак Poldo Dog Couture выпусціў калекцыю «восень 2026». Яна стала новай старонкай у іх супрацоўніцтве, якое працягваецца і ад сезона да сезона пашыраецца новымі колерамі, узорамі і катэгорыямі тавараў.
Гэтым разам брэнды спалучылі практычныя матэрыялы з кутурнай аздобай, прыдатнай для штодзённага гарадскога жыцця сабак і іх уладальнікаў. Аснову палітры склалі блакітны і светла-зялёны. У калекцыю ўвайшлі дожджавік, свэтар, шлейка, трымач для пакетаў і каўрык для падарожжаў, а таксама аксэсуары ў фірмовым сінім колеры Armani: ашыйнік, павадок і партатыўная міска. Кожную рэч можна камбінаваць з папярэднімі прадметамі гэтай калабарацыі.
Рэчы з калекцыі падыдуць для сабак любых парод і памераў і ўжо даступныя ў асобных буціках Еўропы, ЗША і Азіі, а таксама анлайн.