Прэзідэнт Літвы: Мы не надзелі ружовыя акуляры і бачым Лукашэнку такім, якім ён ёсць
- 17.09.2026, 9:15
Ёсць яснае разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі.
Нягледзячы на тое, што Вашынгтон працягвае дыялог з Мінскам і змякчае некаторыя санкцыі, беларускі рэжым не змяняецца. Літва падтрымлівае ўведзеныя Еўрасаюзам санкцыі на экспарт калійных угнаенняў. Пра гэта, як піша LRT, заявіў прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа.
«У нас ёсць наша пазіцыя, мы яе дэкларавалі. У некаторых выпадках яна ўзгодненая з пазіцыяй ЕС. Такая ж забарона на экспарт беларускіх угнаенняў дзейнічае на ўзроўні ЕС. Яе прадоўжылі на 12 месяцаў, вернемся да пытання ў пачатку наступнага года, калі Літва будзе старшынстваваць у Савеце ЕС», — сказаў Наўседа.
Літоўскі прэзідэнт адзначыў, што не надзеў ружовыя акуляры і працягвае бачыць Лукашэнку «такім, якім ён ёсць», і што ў яго ёсць яснае разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі.
«Мы хацелі б асцерагчы ад прыраўноўвання пэўных гуманітарных поспехаў, дасягнутых выключна дзякуючы ціску ЗША, да больш шырокіх палітычных змяненняў і змяненняў у сферы бяспекі ў Беларусі. Нягледзячы на гуманітарныя жэсты, агульная сітуацыя з бяспекай застаецца практычна нязменнай», — заявіў ён.
Наўседа падкрэсліў, што беспілотнікі прылятаюць у Літву з Беларусі, з гэтай краіны па-ранейшаму прыбываюць нелегальныя мігранты, а Мінск, між іншым, узмацняе ядзерную пагрозу на межах НАТА, бо плануе пашырэнне Астраўцкай АЭС.
Разам з тым літоўскі прэзідэнт вітаў вызваленне палітычных зняволеных і паабяцаў Злучаным Штатам усю магчымую дапамогу з боку Літвы.
«Літва працягне аказваць неабходную падтрымку гуманітарнай місіі ЗША і вызваленым палітычным зняволеным, каб яны маглі перайсці літоўска-беларускую дзяржаўную мяжу, і забяспечыць усю неабходную дапамогу», — заявіў Наўседа.