Расія атрымала 25 тысяч «рабоў» з Паўночнай Карэі для вытворчасці дронаў
- 17.09.2026, 10:48
Тыя, хто спрабуе ўцячы, рызыкуюць рэпрэсіямі ў дачыненні да сваіх родзічаў у КНДР.
Да 25 тысяч грамадзян КНДР, у парушэнне забароны ААН, працуюць у Расіі на вытворчасці беспілотнікаў для вайны супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Шматбаковай групы па маніторынгу санкцый (MSMT), вытрымкі з якога прыводзіць Bloomberg.
Паводле даследчыкаў, у тым ліку паўночнакарэйцы працуюць у асаблівай эканамічнай зоне «Алабуга» ў Татарстане, дзе збіраюць дроны на базе іранскіх Shahed.
Рабочых з КНДР афармляюць пад выглядам студэнтаў, каб абыходзіць міжнародныя санкцыі. Іх сярэдні заробак складае каля $7500 у год, аднак большую частку гэтых грошай забіраюць улады рэспублікі. У некаторых выпадках сума адабраных сродкаў перавышае заробак, гаворыцца ў дакладзе.
Акрамя таго, улады КНДР жорстка кантралююць перамяшчэнні сваіх рабочых і іх кантакты з замежнікамі. Тыя, хто спрабуе ўцячы, рызыкуюць рэпрэсіямі ў дачыненні да сваіх родзічаў, якія застаюцца ў Паўночнай Карэі.
Супрацоўніцтва Масквы і Пхеньяна ў сферы працы дапаўняе іх ваеннае партнёрства, якое ўключае пастаўкі зброі і накіраванне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Расію.
Атрыманныя сродкі ідуць на фінансаванне ядзернай і балістычнай ракетнай праграм КНДР, што таксама парушае рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН. Паводле ацэнак MSMT, на канец 2025 года ў Расіі знаходзілася ад 15 да 30 тысяч паўночнакарэйскіх рабочых, а ў Кітаі — ад 20 да 70 тысяч.
Пры гэтым Пхеньян лічыць Маскву больш прывабным накірункам, бо там заробкі могуць быць у пяць разоў большыя, чым у Пекіне. Паводле падлікаў MSMT, у цэлым паўночнакарэйскія рабочыя за мяжой прынеслі рэжыму Кіма Чэн Ына да $800 млн у 2025 годзе.
MSMT аб’ядноўвае 11 краін, уключаючы ЗША, Паўднёвую Карэю і Японію. Група адсочвае выкананне абмежаванняў супраць КНДР. Яна была створаная пасля таго, як Расія ў 2024 годзе заблакавала падаўжэнне мандата групы экспертаў ААН, якая на працягу 15 гадоў сачыла за выкананнем санкцый у дачыненні да Паўночнай Карэі і развіццём яе ядзернага арсеналу.