BE RU EN

Беларус, якога абмянялі на Пачобута, не прыехаў на свой суд у Польшчы

  • 17.09.2026, 12:10

Абвінавачаны ў шпіянажы знаходзіцца ў Беларусі.

Судовае пасяджэнне раённага суда Беластока павінна было пачацца 16 верасня, але было адкладзена з-за неяўкі падсуднага, піша «Белсат».

Пры гэтым раней абвінавачаны ў шпіянажы беларус ужо даў паказанні і пагадзіўся на працяг судовага разбіральніцтва ў яго адсутнасць, а таксама прадаставіў кантактны адрас электроннай пошты для павесткі. Але суд вырашыў, што гэтага недастаткова для разгляду ў яго адсутнасць, і яшчэ раз накіруе павестку ў пасольства Беларусі ў Польшчы з просьбай асабіста ўручыць яе абвінавачанаму.

Пракурор Лешэк Божэк паведаміў, што абвінавачаны цяпер не ў Польшчы ў сувязі з абменам зняволенымі з Беларуссю. Ён адмовіўся каментаваць абвінавачанні, аднак сказаў, што «дзеянні абвінавачанага былі накіраваныя перадусім супраць беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў Польшчы».

Пракурор падасць хадайніцтва аб засакрэчванні паказанняў абвінавачанага, у тым ліку з-за апасенняў за бяспеку сведкаў, звесткі пра якіх збіраў абвінавачаны.

«Гэтая справа вядомая, абвінавачанага замяніў спадар (Анджэй) Пачобут. Гэта было пытанне дзяржаўнай важнасці, якое прызналі больш значным», — заявіў адвакат абвінавачанага Міхал Корсак.

Адвакат таксама заявіў, што апошні раз бачыў падсуднага ў красавіку, калі той утрымліваўся пад вартай у Беластоку.

Ён дадаў, што мужчына раней даваў паказанні па справе і згаджаўся з’явіцца ў любы час, але цяпер адвакат ацаніў з’яўленне падсуднага як сумнеўнае з-за «складанасці выстаўленых абвінавачанняў, яго папярэдніх паводзінаў і таго, што ён учыніў».

У выніку абмену зняволенымі 28 красавіка з Беларусі вызвалілі Анджэя Пачобута, двух палякаў і двух малдаван, з польскага боку — пяць грамадзян Беларусі, Расіі і іншых дзяржаў СНД,

Сярод перададзеных беларускаму боку асобаў першапачаткова было некалькі чалавек, імёны якіх трымалі ў таямніцы і якія выконвалі «асабліва важныя заданні ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі».

```

Адзін з іх — 33-гадовы грамадзянін Беларусі Владзіслаў Надзейка, якога затрымалі ў 2025 годзе па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць замежнай разведкі.

```

Тады паведамлялася, што мужчына быў удзельнікам беластоцкай харугвы «Паспалітага рушэння», а ягонае імя раней згадвалася КДБ Беларусі ў сувязі з «экстрэмісцкім фармаваннем» «Беларуская грэнадэрская харугва».

У Польшчы Надзейка займаўся перавозкамі пасажыраў як індывідуальны прадпрымальнік, што супадала з інфармацыяй СМІ пра затрыманне таксіста-актывіста, які мог быць датычны да шпіёнскай сеткі КДБ у Еўропе.

Апошнія навіны