Пад Жлобінам прадаюць вытворчасць, якую калісьці называлі ўнікальнай
- 17.09.2026, 13:42
Кампанія назапасіла даўгі па падатках і страхавых узносах.
У Жлобінскім раёне прадаюць вытворчую лінію па перапрацоўцы адходаў вытворчасці БМЗ у друз, які потым выкарыстоўваецца ў дарожным будаўніцтве. Аб'ява апублікавана на сайце Беларускай універсальнай таварнай біржы.
На таргі выставілі тэхналагічную лінію прадукцыйнасцю 300 тон у гадзіну для перапрацоўкі металургічных шлакаў. У яе ўваходзяць бункер, падавальнікі, сартацыйныя грохаты, магнітныя сепаратары, канвееры, кабіна кіравання і абсталяванне для ручнога сартавання.
Пачатковы кошт комплексу — 5 млн рублёў.
Пры гэтым выдаткі на дэмантаж лініі і яе вываз сюды не ўваходзяць.
Вытворчая лінія належыць кампаніі «Металлпрофпереработка», якая займаецца перапрацоўкай адходаў і лому чорных металаў — рэшткаў дзейнасці БМЗ.
Прадпрыемства стварылі ў 2012 годзе на падставе інвестыцыйнай дамовы паміж Гомельскім аблвыканкамам і замежным інвестарам. Апошні ўклаў у вытворчасць 7 млн еўра. Яго імя ў адкрытых крыніцах не раскрывалася, аднак валюта ўкладання можа сведчыць, што гэта быў еўрапейскі інвестар.
У 2013-м дзяржаўныя медыя сцвярджалі, што «аналагаў падобнай вытворчасці ў нашай краіне няма».
У студзені гэтага года Жлобінскі райвыканкам забараніў саўладальнікам пазбаўляцца ад сваіх доляў у кампаніі. Паводле звестак на верасень, у прадпрыемства ёсць задоўжанасць па падатках і страхавых узносах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Кампанія «Металлпрофпереработка» працавала на сыравіне БМЗ, аднак, верагодна, юрыдычна з ім не была звязаная. Але ў самога завода ёсць «дачка» «БМЗ-Экосервис», якая займаецца амаль такой жа дзейнасцю — з адходаў прамысловага гіганта вырабляе шлакавы друз для дарожнага будаўніцтва.