BE RU EN

Беларускія вучоныя навучыліся вырошчваць ракаў амаль у тры разы хутчэй

  • 17.09.2026, 14:20

Унікальная тэхналогія можа стаць прарывам для галіны.

Беларускія вучоныя распрацавалі тэхналогію, якая павінна прыкметна паскорыць вырошчванне рачных ракаў. Над ёй спецыялісты Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі працавалі два дзесяцігоддзі. За гэты час да праекта прыклалі руку некалькі пакаленняў вучоных і студэнтаў, піша FishingBY.

Адзін з найскладанейшых этапаў пры развядзенні ракаў — атрыманне маладняку.

Асабліва ўразлівы перыяд, калі з ікры з’яўляюцца лічынкі.

Каб зрабіць гэты працэс больш кіраваным, вучоныя стварылі спецыяльны інкубатар. У ім можна падтрымліваць неабходныя ўмовы, у тым ліку тэмпературу вады.

У прыродзе інкубацыя ікры можа займаць каля васьмі месяцаў. Спецыялісты разлічваюць праводзіць яе пры тэмпературы каля +18 °C і скараціць гэты тэрмін прыблізна да трох месяцаў.

Акрамя таго, новая ўстаноўка дазволіць захаваць больш маладняку. Паводле разлікаў распрацоўшчыкаў, паказчык выжывання можа дасягаць 90%.

Зараз тэхналогія праходзіць працэдуру патэнтавання. Афіцыйна абараніць распрацоўку плануюць вясной.

Адначасова вучоным трэба будзе праверыць яе ў рэальных умовах. Калі заяўленыя паказчыкі пацвердзяцца, тэхналогію можна будзе выкарыстоўваць у прамысловым вырошчванні рачных ракаў.

Пачаць плануюць з вузкапалага рака, колькасць якога ў беларускіх вадаёмах за апошнія гады прыкметна скарацілася. Новую распрацоўку хочуць выкарыстоўваць у тым ліку для аднаўлення яго папуляцыі.

А ў далейшым вучоныя думаюць узяцца і за шырокапалага рака, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Апошнія навіны