BE RU EN

У Брэсце выставілі на продаж кватэру з жыльцамі

  • 17.09.2026, 16:26

Маці і дачка застануцца там нават пасля змены ўласніка.

«Як гэта так? Я купляю кватэру 20 метраў і жыву ў ёй з жанчынай і яе дзіцём?» — цікавіцца брэстчанка Кацярына. Аказваецца, за незвычайнай аб'явай аб продажы кватэры хаваецца сапраўдная сямейная драма, піша «Віртуальны Брэст».

Кацярына на «Куфары» знайшла аб'яву аб продажы аднапакаёвай кватэры ў Брэсце. Кватэра знаходзіцца ў доме 4 на вуліцы Маладагвардзейскай.

Дом 1979 года, першы паверх, агульная плошча кватэры крыху менш за 20 квадратных метраў, з іх жылная — усяго каля 11 квадратных метраў. Ганна, якая апублікавала аб'яву, пазначыла цану 35 тысяч долараў — але дабавіла вялікімі літарамі, што магчымы «добры тарг».

Дарэчы, нельга сказаць, што гэта вельмі танна — бо ў гэтым жа доме за аднапакаёвую кватэру плошчай 29 квадратных метраў (не на першым паверсе) просяць 41 тысячу долараў.

Але ў аб'яве Ганны ёсць адзін цікавы нюанс: указана, што ў кватэры зарэгістраваныя жанчына і яе дзіця — і яны застануцца там жыць нават пасля продажу нерухомасці.

Відавочна, што новы ўласнік не зможа ні жыць там, ні здаваць кватэру ў арэнду — бо месца і так кат наплакаў.

«Як гэта так? Я купляю кватэру 20 метраў і жыву ў ёй з жанчынай і яе дзіцём?» — спытала Кацярына ў карыстальнікаў Threads.

Пост стаў вірусным, і неўзабаве ў каментарыях з'явілася тая самая жанчына, якая жыве ў гэтай аднапакаёвай кватэры са сваёй дачкой-школьніцай. Завуць яе Наталля Анішчук.

Выявілася, што па-за кадрам заставалася сапраўдная сямейная драма.

У сям'і Наталлі было трое дзяцей — яна і яшчэ два браты. Бацькі ўжо памерлі, пасля іх засталася кватэра. Пры жыцці бацька хацеў прыватызаваць яе, але не паспеў, бо хварэў на анкалогію.

У той момант старэйшы брат Наталлі ўжо быў у шлюбе і жыў асобна, у Наталлі таксама быў жаніх, і яна планавала пераехаць да яго. Таму яны вырашылі адмовіцца ад сваіх доляў на карысць малодшага брата. Але пакінулі за сабой пажыццёвае права валодання і карыстання бацькоўскай кватэрай — натарыус засведчыў, што так можна зрабіць.

```

Наталля і яе старэйшы брат паверылі, што без іх згоды іх ніколі не выпішуць з бацькоўскай кватэры: «Каму ж верыць, калі не родзічам?».

Прыватызацыя адбывалася ў 2015 годзе. Наталля сцвярджае, што два гады (да 2017-га) яна сама аплачвала тую прыватызацыю, бо малодшы брат быў у арміі.

У 2017 годзе жанчына выйшла замуж, нарадзіла дзіця і пераехала да мужа ў кватэру — пяць гадоў, пакуль яна не жыла ў бацькоўскай кватэры, яна не аплачвала там камунальныя паслугі. У 2022 годзе шлюб распаўся, Наталля разам з дачкой вырашыла вярнуцца ў сямейнае гняздо — але малодшы брат, які ўжо сам паспеў ажаніцца, быў катэгарычна супраць.

Паколькі ў сястры не было ўласнай нерухомасці, ён узяў крэдыт, купіў маленькую аднапакаёвую кватэру і праз суд прапісáў Наталлю туды. Цяпер мужчына заявіў, што выплачваць крэдыт яму нецікава, таму ён хоча прадаць тую другую кватэру (Наталля зарэгістраваная там і жыве разам з дачкой): «Ён прапанаваў мне чатыры варыянты: 1. Ён прадае кватэру разам са мной і дзіцем. 2. Падселяе да мяне ўзбекаў. 3. Купіць у яго кватэру па рынкавым кошце. 4. Калі я не згаджуся на адзін з варыянтаў, ён нешта зробіць».

Каментатары ў жаху ад сітуацыі. Маўляў, сумленна было б адразу прадаць бацькоўскую кватэру, а грошы падзяліць пароўну. Але Наталля кажа, што такі варыянт ёй ніхто не прапаноўваў.

Выкупляць аднапакаёвую кватэру ў брата Наталля не хоча: бо за тыя ж грошы плюс крэдыт яна можа набыць сабе з дачкой нешта больш камфортнае.

Апошнія навіны