Лукашэнка зноў заявіў, што «ўжо наеўся гэтай улады»
- 17.09.2026, 19:05
Узурпатар згадаў пра «пасінелыя рукі».
Аляксандр Лукашэнка «ўжо наеўся гэтай улады», але аддаць яе пакуль не гатовы, бо не знайшоў тых, хто мог бы «ўзяць краіну і ўтрымаць яе». Такую заяву дыктатар зрабіў 17 верасня ў сваім выступленні на форуме «Моладзь. Беларусь. Будучыня».
Лукашэнка з трыбуны заклікаў «ніколі не верыць таму, хто кажа», што ён «ўтрымлівае ўладу пасінелымі рукамі».
«Ды бог з тымі, хто так кажа. Я ўжо наеўся гэтай улады, што далей няма куды. Пытанне толькі ў тым: „Вы здольныя ўзяць краіну і ўтрымаць яе?“ Калі здольныя, заўтра прыступайце [да кіравання краінай]. Калі шчыра, станоўча адказаць на гэтае пытанне я пакуль не магу. Не крыўдуйце», — заявіў Лукашэнка.
Раней Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што «наеўся» ўлады і не будзе «пасінелымі пальцамі за крэсла трымацца», калі народ яму адмовіць у даверы.