Кітай запатрабаваў ад Ірана абуздаць еменскіх хусітаў
- 17.09.2026, 20:32
Да Пекіна звярнулася Саудаўская Аравія.
Узброеная групоўка хусітаў у Емене, якую Іран зрабіў адной з апор сваёй «восі супраціву» інтарэсам ЗША на Блізкім Усходзе, пачала ствараць сур'ёзныя нязручнасці галоўнаму фінансісту Тэгерана — Пекіну. Купляючы ў Ірана амаль усю яго нафту, Кітай цяпер аказаўся адрэзаны ад яе паставак па двух галоўных блізкаўсходніх маршрутах — праз Армузскую пратоку і Чырвонае мора. Першую блакуе Іран, другую — падтрыманыя ім хусіты.
Нафту па гэтых двух маршрутах вывозіла Саудаўская Аравія, і яна звярнулася да Пекіна з просьбай пераканаць Тэгеран абуздаць баевікоў. Кітайцы зрабілі гэта ў прыватным парадку, расказалі Reuters тры іранскія крыніцы. Публічна Кітай ужо заклікаў да стрыманасці, дыялогу і аднаўлення бяспечнага суднаходства, аднак, паводле іх слоў, цяпер ён пайшоў далей за афіцыйныя заявы.
Пекін хоча, каб Іран выкарыстаў свой уплыў на хусітаў, каб не дапусціць далейшага распаўсюджання канфлікту на энергетычныя маршруты, ад якіх Кітай залежыць. За паўгода пасля пачатку вайны на Блізкім Усходзе ён стаў адным з галоўных стабілізатараў сусветнага нафтавага рынку, прыкладна ўдвая скараціўшы імпарт нафты. Але ў апошнія тыдні Кітай аднавіў больш маштабныя закупкі, і новыя праблемы з пастаўкамі яму не патрэбныя.
Тым часам Саудаўская Аравія, адзін з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў нафты, амаль страціла магчымасць яе вывозіць. Асноўныя пастаўкі пасля пачатку вайны яна ажыццяўляла праз Чырвонае мора, загрузіўшы нафтаправод, што праходзіць праз усю краіну з усходу на захад. Але хусіты пачалі абстрэльваць яе энергетычныя аб'екты, а ўдар з прыгранічнага раёна Ірака, дзе таксама дзейнічаюць баевікі, падтрыманыя Тэгеранам, на мінулым тыдні прывёў да разбурэння насоснай станцыі і прыпынення працы нафтаправода.
Хусіты ж, якія маюць сур'ёзнае ўзбраенне — ад ракет да дронаў, — захапілі стратэгічна важны востраў Перым у Баб-эль-Мандабскай пратоке, што дазваляе ў значнай меры кантраляваць паўднёвы выхад з Чырвонага мора.
Кітай ужо больш за 10 гадоў з'яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Ірана, які знаходзіцца пад санкцыямі. Паводле дадзеных Kpler, у 2025 годзе ён набыў больш за 80% іранскай нафты, або каля 1,4 млн барэляў у суткі.