Навукоўцы: раннія людзі былі лепшымі плыўцамі, чым бегунамі
- 17.09.2026, 21:52
Міжнародная група даследчыкаў перавярнула галоўную тэорыю эвалюцыі.
Міжнародная група даследчыкаў перавярнула галоўную тэорыю эвалюцыі: нашы продкі набылі фенаменальную вынослівасць дзякуючы падводнаму паляванню, а не бегу. Спецыялісты з Цэнтра біяразнастайнасці «Натураліс» у Нідэрландах і іх калегі сцвярджаюць, што ўменне затрымліваць дыханне пад вадой з’явілася ў чалавека раней, чым здольнасць бегчы на доўгія дыстанцыі. Пра гэта паведамляе партал Таварыства Макса Планка.
Раней у падручніках дамінавала тэорыя, што доўгія ногі і магутная сістэма тэрмарэгуляцыі развіліся ў гамінідаў у выніку палявання — яны проста загналі здабычу да знямогі на сушы. Аднак аўтары новай працы прапануюць гіпотэзу «спачатку нырні, потым бяжы». Паводле іх меркавання, раннія людзі практыкавалі «нырэнне на вынослівасць». Сучасныя фрыдайверы, напрыклад японскія ныральшчыцы ама, здольныя апускацца на глыбіню каля 10 метраў да 50 разоў за змену, праводзячы пад вадой 45% часу. Падобная актыўнасць патрабавала ад продкаў магутнай дыхальнай сістэмы, што ў далейшым дазволіла чалавеку здзяйсняць доўгія забегі.
Навукоўцы таксама патлумачылі загадку «цяжкіх касцей» у выкапнёвых гамінідаў, такіх як першыя Homo erectus з Явы ў Інданезіі. Доўгі час іх звязвалі з інтэнсіўнымі фізічнымі нагрузкамі на сушы. Даследчыкі даказалі, што павялічаная маса касцей паляпшае кантроль плавучасці пры пагружэнні на мелкаводдзі, але зніжае эфектыўнасць бегу. Такім чынам, «цяжкакосныя» прыбярэжныя папуляцыі здабывалі ежу пад вадой, а больш лёгкія спецыялізаваліся на сухапутным паляванні. Вынікі ДНК-мадэлявання паказваюць, што пазней гэтыя групы змяшаліся, перадаўшы нашчадкам універсальныя навыкі выжывання.
«Мы мяркуем, што выдатная кардыярэспіраторная падрыхтоўка сучасных людзей магла стаць вынікам зліцця дзвюх старажытных папуляцый. Мы ўсе можам вучыцца бегаць і ныраць, але ў некага больш таленту да марафонаў, а ў некага — да эфектыўнага дайвінгу», — адзначае аўтарка даследавання Джозефін Юрденс. Паводле яе слоў, менавіта такая варыябельнасць здольнасцей дапамагла людзям адаптавацца да розных умоў і паспяхова рассяліцца па планеце.
У далейшым навукоўцы плануюць праверыць, ці не эвалюцыянаваў нос чалавека як інструмент для бяспечнага пагружэння без патраплення вады ў дыхальныя шляхі.