Стыў Розэнберг: Перадвыбарчыя дэбаты ў Расіі падобныя да шоу талентаў
- 18.09.2026, 3:46
Сюрпрызаў не прадбачыцца.
Расійскія парламенцкія выбары наўрад ці прынясуць Крамлю непрыемныя сюрпрызы. Але менавіта таму яны важныя для Пуціна. Улады хочуць паказаць краіне і вонкаваму свету, што расійскае грамадства нібыта адзінае ў падтрымцы прэзідэнта і вайны. Пра гэта піша Стыў Розэнберг, рэдактар BBC па Расіі (пераклад — сайт Charter97.org).
Расійскую палітычную сістэму некаторыя называюць «кіраванай дэмакратыяй», але кіруе ёй Крамль. У новым складзе Дзярждумы зноў будзе дамінаваць «Адзіная Расія», а дэпутаты з іншых сістэмных партый у ключавых пытаннях галасуюць разам з уладай.
Розэнберг прыводзіць паказальны эпізод з перадвыбарчых дэбатаў. На дзяржаўным тэлебачанні вядучы абвясціў выступленні кандыдатаў, пасля чаго камера паказала шэсць пустых трыбун. «Кандыдаты не прыйшлі», — прызнаў вядучы і завяршыў эфір.
У іншай праграме кандыдат ад камуністаў замест палітычнай прамовы выканаў песню. «Гэта больш нагадвала шоу талентаў, чым перадвыбарчую кампанію», — іранізуе журналіст.
Пры гэтым за вонкавай безальтэрнатыўнасцю выбараў Розэнберг бачыць прыкметы нервавасці ўлады. Адзіную зарэгістраваную агульнанацыянальную антываенную партыю «Яблоко» знялі з выбараў па партыйных спісах усяго праз 12 дзён пасля дапуску. Яе кандыдатаў у аднамандатных акругах затрымліваюць, прыцягваюць да адказнасці і здымаюць з выбараў.
«Выканаўчыя органы выконваюць палітычны заказ. Гэта ні для каго не сакрэт», — заявіў кандыдат «Яблока» Грыгорый Грышын.
У правінцыі Розэнберг таксама не ўбачыў асаблівай цікавасці да выбараў. У Дмітраве замест агітацыі яму кінуліся ў вочы мемарыял загінулым на вайне і размовы пра яе наступствы.
«Я хацела б, каб мы жылі ў мірнай краіне, без вайны, — сказала мясцовая жыхарка Паліна. — Каб не даводзілася баяцца, што перад табой упадзе дрон».
«Выбары ў Расіі адбываюцца не для змены ўлады, а для дэманстрацыі яе кантролю. Менавіта таму адсутнасць сюрпрызаў для Крамля мае вырашальнае значэнне», — перакананы Розэнберг.