Коул адказаў на заяву Лукашэнкі пра палітвязняў
- 18.09.2026, 9:57
Пазіцыя ЗША носіць гуманітарны характар: дапамагаць людзям.
Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коулем 16 верасня заявіў, што ў Беларусі нібыта «няма палітвязняў», бо «няма такога артыкула ў нашым заканадаўстве». У інтэрв'ю тэлеканалу «Настоящее время» амерыканскі пасланец пракаментаваў гэтую заяву дыктатара.
Тэкставую версію інтэрв'ю апублікавала 17 верасня «Радыё Свабода». Падчас размовы журналіст пацікавіўся ў суразмоўцы, ці не лічыць ён, што зняцце санкцый за вызваленне палітвязняў можа падштурхнуць афіцыйны Мінск да арышту новых вязняў дзеля папаўнення абменнага фонду.
На гэта Джон Коул адказаў, што «калі Лукашэнка абмяняе зняволеных на паслабленне санкцый», то ён не бачыць «у гэтым праблемы — бо менавіта я гляджу ў вочы вызваленым і бачу, што для іх значыць свабода».
«Мая пазіцыя — як і пазіцыя Злучаных Штатаў — носіць гуманітарны характар: дапамагаць людзям. Калі я магу вызваліць 25 чалавек — гэта выдатна. Калі 200 — таксама выдатна», — падкрэсліў спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША.
Ён нагадаў, што падчас нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам дыктатар заяўляў, што «не прызнае статусу «палітвязня» за тымі людзьмі, якіх вызвалілі».
— А што вы яму адказалі? — пацікавіўся журналіст.
— Я называю іх зняволенымі; калі ён хоча, каб я так рабіў, няхай будзе так; калі ён хоча, каб я называў іх кролікамі, абы іх вызвалілі, мне ўсё роўна. Калі ён лічыць, што яны не палітвязні, няхай лічыць. Я проста ведаю гэтых людзей. Таму ў дадзеным пытанні семантыка для мяне не мае вялікага значэння. Для кагосьці іншага гэта можа быць важна, але не для мяне, — патлумачыў сваю пазіцыю Коул.
Нагадаем, пасля візіту Джона Коула ў Мінск 16 верасня 2026 года на волю выйшлі 25 палітвязняў. Іх адправілі аўтобусам у Літву.
Сярод вызваленых — актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Лазарчык, гендырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, заснавальнік «Арт Сядзібы» і крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by Павел Белавус, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, палітолаг Таццяна Кузіна, дырэктар інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН» Дзмітрый Новажылаў, журналіст Кірыл Пазняк і яго дачка Яніна Пазняк, выдавец Дзмітрый Колас. А таксама музыкі Tor Band Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык, удзельнік гурта «Стары Ольса» Аляксандр Чумакоў, палітвязні Ірына Злобіна, Павел Петручэня, Яўген Юшкевіч, Яна Пінчук, Дзяніс Сальмановіч, Ілля Верамееў, Сяргей Рябцаў, Святлана Якубовіч, Анастасія Лазарэнка, Андрэй Цалюк, Вольга Строева, Кірыл Гнездзілаў.
Раней спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі паведаміў, што ў адказ на вызваленне 25 чалавек ЗША здымуць санкцыі з ААТ «Лакокраска» і канцэрна «Беллесбумпром».
Ён таксама паабяцаў, што вызваленне палітвязняў і зняцце санкцый працягнуцца пасля таго, як бакі вырашаць засталыя пытанні.