Кушнер на перамовах у Маскве прымяніў балючы для Пуціна «прыём»
- 18.09.2026, 11:42
Гаворка ішла пра Данбас.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін заявіў амерыканскім перамоўнікам падчас сустрэчы ў Маскве, што армія РФ захопіць Данбас цягам некалькіх месяцаў, але Джарэд Кушнер яму запярэчыў.
Пра гэта паведамляе The New York Times.
Паводле звестак выдання, калі пасланцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа сустрэліся з Пуціным у Крамлі на пачатку верасня, расійскі дыктатар выпраменьваў упэўненасць.
Паводле яго слоў, на працягу некалькіх месяцаў расійскія войскі нарэшце захопяць увесь украінскі Данбас.
Таксама Пуцін сцвярджаў, што Расія была гатовая нанесці магутныя ўдары па энергасістэме Украіны, стварыўшы перадумовы для цяжкай зімы.
Аднак Кушнер паспрабаваў запярэчыць расійскаму дыктатару.
«Пры ўсім пашане, вы казалі нам тое ж год таму. Якая верагоднасць, што мы вернемся сюды праз год, і вы зноў скажаце тое ж? Можа, не будзем губляць год?», — сказаў ён Пуціну.
NYT адзначае, што гэты абмен рэплікамі адлюстроўвае ўсю складанасць сітуацыі, якая склалася за больш як паўтара года спробаў Трампа пакласці канец вайне Расіі супраць Украіны.
Нагадаем, нядаўна пасланцы прэзідэнта ЗША Стыў Уіткоф і Джарэд Кушнер ездзілі ў Маскву з мэтай дасягнуць прагрэсу ў спыненні вайны ва Украіне. Там яны правялі перамовы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным.
Пасля перамоваў у Маскве Уіткоф і Кушнер наведалі Кіеў, дзе правялі сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.