BE RU EN

Адразу чатырох ваўкоў заўважылі ў Кобрынскім раёне

  • 18.09.2026, 12:08

Драпежнікі трапілі ў аб'ектыў фотапасткі.

Кобрынскі вопытны лясгас размясціў у сваім Instagram відэа, на якім зафіксаваныя чатыры ваўкі. Яны стаяць у полі, прынюхваюцца і азіраюцца па баках.

У каментарыях пад відэа карыстальнікі пытаюцца, у якім месцы «гуляюць гэтыя прыгажуны», а некаторыя дзеляцца сваімі гісторыямі сустрэч з ваўкамі.

Так, карыстальніца dubinkanv напісала: «У Цеўлях [вёска ў Кобрынскім раёне] у лесе сутыкнулася з двума ваўкамі, напэўна, сытыя былі, міма прабеглі метраў 20. Вельмі хутка».

Як расказаў Times.by інжынер па паляўнічай гаспадарцы Кобрынскага вопытнага лясгаса лясгаса Дзмітрый Панасюк, тэрыторыя, на якой зафіксаваныя ваўкі, адносіцца да біалагічнага заказніка мясцовага значэння «Дзівін-Вялікі лес».

Найбліжэйшыя населеныя пункты знаходзяцца прыкладна за 7 км, таму прамой пагрозы для жыхароў няма. Аднак спецыяліст не выключае, што сустрэча з драпежнікам магчымая для грыбнікоў — фотапасткі фіксуюць ваўкоў у розных месцах Кобрынскага раёна. Яны хутка перамяшчаюцца па лесе, а ўдзень пераважна сыходзяць у глыбокі гушчар.

«Мы вядзём улік і рэгуляванне колькасці ваўкоў. З пачатку года ў ўгоддзях Кобрынскага вопытнага лясгаса здабыта 12 асобін. Цяпер драпежнікам хапае корму ў лесе, і да населеных пунктаў яны не імкнуцца. Мы трымаем сітуацыю з колькасцю гэтага звера пад кантролем», — адзначыў Дзмітрый Панасюк.

Па словах спецыяліста, у лясгас паступалі званкі ад грыбнікоў, якія бачылі адзінкавых ваўкоў на ўскрайку лесу і ў полі. Гэта пацвярджае, што верагоднасць сустрэчы з дзікім зверам не выключаная.

Дзмітрый Панасюк дадаў, што ваўкі баяцца людзей і стараюцца пазбягаць сустрэч з імі, але праяўляць асцярожнасць пры наведванні лясоў усё ж трэба.

Галоўнае правіла пры сустрэчы з воўкам — не панікаваць, не бегчы і павольна адступаць, не паварочваючыся да звера спінай.

Здаровыя ваўкі паводзяць сябе адэкватна і на чалавека, як правіла, не нападаюць. Небяспеку можа ўяўляць хворая жывёла.

Апошнія навіны