Туск: Вайна ўваходзіць у вырашальную фазу
- 18.09.2026, 14:35
Польшча рыхтуецца да розных сцэнароў.
Вайна Расіі, скіраваная на знясіленне ўкраінскай эканомікі, уваходзіць у вырашальную фазу. Украіну і яе саюзнікаў чакаюць цяжкія і складаныя тыдні і месяцы.
Пра гэта прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў журналістам на палях саміту, перадае УНІАН.
«Нас усіх, не толькі Украіну, чакаюць цяжкія і складаныя тыдні і месяцы», — сказаў Туск.
Польскі прэм’ер адзначыў, што «вайна, скіраваная на знясіленне ўкраінскай эканомікі, падобна, уваходзіць у вырашальную фазу».
Паводле яго слоў, расійскія атакі цяпер накіраваныя не толькі на знішчэнне энергетычнай інфраструктуры, але і на ўкраінскую прамысловасць.
Кажучы пра сітуацыю каля польскай мяжы, Туск адзначыў, што апошнія падзеі выклікаюць непакой. Пры гэтым Польшча рыхтуецца да розных сцэнароў.
«Мы гаворым пра магчымыя сцэнары, а не пра тое, што абавязкова адбудзецца. Польшча і іншыя краіны ўжо рыхтуюцца да розных сцэнароў, у тым ліку і да больш драматычных. Але сёння ніхто не можа са стопрацэнтнай упэўненасцю сказаць, што будзе адбывацца», — сказаў ён.
Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск тэрмінова сабраў міністраў з прадстаўнікамі ўрада, арміі і спецслужбаў пасля расійскіх удараў па станцыі Ягадын каля польскай мяжы.
Тады Туск папярэдзіў, што бліжэйшыя месяцы стануць перыядам інтэнсіўных дзеянняў з боку Расіі, і не выключыў, што эскалацыя можа закрануць і польскую тэрыторыю.