Генеральная сакратарка партыі Мерца адхіліла заклікі аб яго замене
- 18.09.2026, 14:53
Кіраўная кааліцыя ФРГ дэманструе адзінства.
Генеральная сакратарка Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) Францыска Хоперман зноў выключыла магчымасць замены канцлера ФРГ Фрыдрыха Мерца і яго адстаўкі з гэтай пасады, перадае Deutsche Welle.
«Ён павінен застацца, бо нам трэба згуртавана рухацца наперад», — заявіла Хоперман у эфіры грамадска-прававога тэлеканала ZDF увечары ў чацвер, 17 верасня.
Яна падкрэсліла, што ў парадку дня кіраўнай кааліцыі стаіць мноства пытанняў, якія неабходна вырашыць.
«Гэта ўжо абмяркоўвалася на пасяджэнні кабінета міністраў на гэтым тыдні і зноў учора. І менавіта таму ён застанецца канцлерам», — падкрэсліла адна з кіраўніц ХДС, старшынём якога з'яўляецца Мерц.
Хоперман указала на надзвычай сур'ёзныя знешнепалітычныя выклікі, праблемы ў сферы бяспекі і безліч унутрыпалітычных пытанняў, якія павінна вырашыць кіраўная кааліцыя. «Таму падобныя дыскусіі пра кадравыя перастаноўкі не спрыяюць нашаму руху наперад», — дадала яна.
Адначасова генеральная сакратарка ХДС абвергла сцверджанне, што Мерц застаецца канцлерам, паколькі ні адзін з васьмі кіраўнікоў федэральных земляў ад ХДС не хацеў займаць гэтую пасаду.
Яна таксама пракаментавала нядаўнюю заяву прэм'ер-міністраў федэральных земляў ад ХДС, якія выказалі падтрымку канцлеру, але не згадаўшы яго імя. Генеральная сакратарка ХДС адхіліла сумневы адносна іх пазіцыі ў дэбатах вакол Мерца.
«У Федэратыўнай Рэспубліцы ёсць канцлер, і яго завуць Фрыдрых Мерц, таму няма неабходнасці называць імя», — сказала яна. Паводле яе слоў, важны сам сігнал з боку кіраўнікоў зямельных урадаў. «Цяпер ідзе гаворка пра адзінства, пра стабільнасць, і менавіта гэта мы прадэманстравалі як блок», — дадала яна.
Дэбаты пра давер да Мерца ўзмацніліся пасля буйной паразы яго партыі на зямельных выбарах у Саксоніі-Ангальт на пачатку верасня, пераканаўчую перамогу на якіх атрымала ультраправая «Альтэрнатыва для Германіі». Сярод іншага, правальны вынік ХДС у Саксоніі-Ангальт аказаў моцны ціск на Мерца ўнутры яго партыі. Уже некалькі дзён працягваюцца разважанні пра тое, ці здолее ён захаваць пасаду канцлера.
Пасля таго як у ХДС загаварылі пра набліжэнне канца канцлерства Мерца, уплывовыя кіраўнікі зямельных урадаў выступілі з незвычайнай заявай і адхілілі размовы пра кадравыя перастаноўкі.