«Я такое ў Мінску ў 2020-м бачыла, толькі форма была іншая»
- 18.09.2026, 15:43
Беларусы нечакана адрэагавалі на гістарычную інсцэніроўку ў Бярозе.
У Бярозе паказалі інсцэніроўку пра «усебеларускае месца памяці ахвяр этнацыду і польскай акупацыі».
«Навошта гэта памятаць і ведаць? Каб не апынуцца на яе месцы», — напісаў у Threads кобрынскі блогер, выклаўшы ўрывак перформансу пра часы польскай акупацыі са сцэнай збіцця беларускі польскімі салдатамі, піша «Салідарнасць».
Аднак убачаная сцэнка выклікала ў беларусаў зусім іншыя асацыяцыі. Амаль усе каментатары апынуліся адзінадушныя:
«А я думаў, што гэта Акрэсціна і Жодзіна, 2020 год».
«У Беларусі ў 2020 годзе таксама мучылі людзей».
«Праблема ў тым, што зараз на яе месцы сотні іншых беларусаў. Сотні ўжо прайшлі праз гэта. І іх катуюць нават не замежныя акупанты. Але «гэта ж іншае».
«Так, падобна на лукашэнкаўскую акупацыйную адміністрацыю».
«Гэта відэа пра беларускія турмы?»
«Унікальная рэканструкцыя «Сучасная Беларусь».
«Дык многія беларусы і беларускі і так на яе месцы. Учора чарговую групу вызвалілі».
«Нечакана было ад вас убачыць рэканструкцыю падзей на Акрэсціна ў 2020–2026-м».
«Чыста АМАП у 2020 годзе, адзін у адзін».
«Гэта што, інсцэніроўка «Жнівень 2020»?»
«Я такое ў Мінску ў 2020-м бачыла, толькі форма была іншая».
«Я не магу паверыць у такую рэальнасць. У той час, калі ідуць торгі за палітвязняў і «выкупляе» іх не родная краіна, паказваць вось гэта?! Рана пачалі. Не ва ўсіх бабулі і дзядулі памерлі, і яны яшчэ могуць расказаць, як жылося пры паляках і як саветы прыйшлі іх «ратаваць».
Знайшліся і тыя, каму бабулі і дзядулі сапраўды распавядалі пра часы польскай і савецкай акупацыі.
«Прабабуля казала, калі здаралася нешта фантастычна добрае: «Гэта нават лепей, чым за польскім часам». Што сведчыла пра тое, што пасля «польскага часу» нічога добрага не было. Перад смерцю (амаль 100 гадоў пражыла) шмат чаго расказала. Таму сучасную альтэрнатыўную рэальнасць слухаць не магу, але і дзецям праўду расказаць таксама не магу. Дзеля іхнай бяспекі».
«А ў майго дзеда пры паляках была свая кузня, а калі нараджаўся чарговы дзіцёнак, ён купляў 2 гектары зямлі. І ў выніку да прыходу саветаў сям’я мела 8 гектараў зямлі. Сяляне прыходзілі да дзеда і замест аплаты за кавальскія паслугі працавалі як нянькі, на ўборцы збожжа, капалі бульбу. А прыйшлі саветы — нічога не засталося. Адправілі ў Сібір. І каму верыць?»