Археолагі раскрываюць новыя таямніцы Крэўскага замка
- 18.09.2026, 15:57
Навукоўцы шукаюць сляды старажытнага моста і замкавых рвоў.
Археолагі прыступілі да новага этапу даследаванняў у Крэўскім замку. На гэты раз ім трэба будзе падрабязней вывучыць тэрыторыю непасрэдна каля старажытных сцен, паведамляе Інстытут гісторыі НАН Беларусі.
Работы вядзе экспедыцыя пад кіраўніцтвам Алега Дэрновіча разам са спецыялістамі «Белрэстаўрацыі».
Адна з галоўных задач гэтага сезону — знайсці сляды замкавага моста і вызначыць, дзе менавіта праходзілі рвы.
Гэта важна для рэстаўрацыі Крэўскага замка. Праект прадугледжвае аднаўленне двух мастоў, а таксама рвоў з двух бакоў.
Некаторыя дэталі даследчыкам ужо ўдалося высветліць. Напрыклад, вызначаны параметры аднаго з рвоў. Ён падыходзіў да сцен замка на адлегласць 4–4,5 м.
Таксама спецыялісты высветлілі, як у мінулым вада трапляла ў замкавы стаў. Рад камянёў пад гатычнай аркай дазволіў вызначыць узровень, на якім яна праходзіла праз збудаванне. Сам стаў знаходзіўся на дзядзінцы і напаўняўся вадой з вадаёмаў вакол замка.
Трапілася археолагам і знаходка з больш блізкай да нас эпохі. За сценамі замка выявілі звалку перыяду Першай сусветнай вайны.
Сярод знойдзеных артэфактаў — некалькі бутэлек таго часу. На некаторых захавалася кляймо фабрыкі Харцвіга Канторовіча, якая знаходзілася ў Пазнані.
Найбольш цікавыя адкрыцці яшчэ могуць быць наперадзе. Наступным этапам стане разбор завалу ў Княскай вежы. Гэтыя работы дапамогуць сабраць дадзеныя, неабходныя для падрыхтоўкі праекта яе рэканструкцыі.
Як адзначаюць навукоўцы, ужо вядома, што пад заваламі знаходзяцца невядомыя архітэктурныя канструкцыі і фрагменты замкавых фрэсак. Цяпер спецыялістам трэба будзе дабрацца да іх і дэталёва даследаваць.