Ле Пен: Мы ніколі не дапусцім, каб Расія дыктавала палітыку Францыі
- 19.09.2026, 22:20
Ультраправыя падтрымалі меры па абароне стратэгічнай інфраструктуры Францыі.
Лідары французскай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пен і Жордан Бардэла заявілі, што Расія не павінна спрабаваць уплываць на палітыку Францыі з дапамогай «запалохвання, пагроз, дэстабілізацыі або псіхалагічнага ціску». Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце партыі 19 верасня, перадае RFI.
Ле Пен і Бардэла падкрэслілі, што «ні адна правакацыя, ні адна тайная аперацыя і ні адно дэстабілізуючае дзеянне не павінны прывесці да таго, каб Францыя спрыяла дасягненню Расіяй яе ваенных мэтаў ва Украіне».
Як нагадвае AFP, заява з’явілася на наступны дзень пасля нарады ў Елісейскім палацы, прысвечанай геапалітычным крызісам, з якімі сутыкаецца Францыя. У ёй удзельнічаў Бардэла.
Пры гэтым Ле Пен і Бардэла заявілі, што пытанне французскай палітыкі ў дачыненні да Украіны павінна заставацца прадметам дэмакратычных дэбатаў. Паводле іх слоў, абмяркоўвацца могуць, у прыватнасці, «аб’ём фінансавай падтрымкі, што аказваецца Украіне, і ўмовы гэтай падтрымкі».
«Гэтыя дэбаты легітымныя. Замежны ціск — не», — гаворыцца ў заяве.
У пачатку заявы аўтары «рашуча» асудзілі рашэнне расійскіх уладаў узяць «пад часовы кантроль» актывы еўрапейскіх кампаній, што застаюцца ў Расіі, у прыватнасці французскія Leroy Merlin, Auchan і швейцарскую Nestlé. Яны назвалі гэта «варожым актам», які «непасрэдна закранае інтарэсы і правы нашых кампаній».
Ле Пен і Бардэла таксама заявілі пра падтрымку «усіх неабходных мер для ўзмацнення бяспекі» стратэгічнай інфраструктуры, адчувальных аб’ектаў і прадпрыемстваў, звязаных з абароннай прамысловасцю Францыі.
Лідары RN заявілі, што Францыя «не можа пакідаць без пакарання любыя варожыя дзеянні, што ўчыняюцца на яе тэрыторыі, супраць яе інфраструктуры, стратэгічных інтарэсаў або яе народа». Яны таксама адзначылі, што сёння «ніхто не можа прадказаць або выключыць у большай ці меншай доўгатэрміновай перспектыве правядзенне аперацый большай інтэнсіўнасці».
Пры гэтым Ле Пен і Бардэла запэўнілі, што «жорсткая пазіцыя ў адносінах да варожых дзеянняў і пошук дыпламатычнага выхаду з вайны» быццам «не супярэчаць адно аднаму».
Заява вытрыманая ў значна больш жорсткай у адносінах да Масквы танальнасці, чым некаторыя ранейшыя выказванні прадстаўнікоў RN.
У прыватнасці, на пачатку верасня віцэ-прэзідэнт партыі Луі Аліо заявіў, што хоча «перакрыць кран» фінансавай дапамогі Кіеву.
Ле Пен, у сваю чаргу, рэгулярна падвяргаецца крытыцы з боку палітычных апанентаў за пазіцыі, якія тыя лічаць занадта прымірэнчымі ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна, які развязаў і пяты год працягвае поўнамаштабную вайну.