Лукашэнкаўскіх алігархаў выціскаюць з Расіі
- Мікалай Верацельнікаў
- 2.09.2026, 10:46
Суды не шкадуюць набліжаных да дыктатара бізнесоўцаў.
Ці можна ўявіць, што просты беларускі міністр, падаткавік, кантрагент і таму падобнае, будучы ў здаровым розуме і нават маючы важкія падставы, адважыцца звязвацца з бізнесам, набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі і яго сям’і? Абсалютна не. Таму, калі праблемы ўзнікаюць, напрыклад, у Расіі, гэта становіцца для «сямейнага бізнесу», мабыць, культурным шокам. І такіх шокаў апошнім часам паболела. Расійскія суды не шкадуюць лукашэнкаўскіх «ні чыноў, ні імёнаў» і выпісваюць ім падатковыя штрафы і прадпісанні вярнуць даўгі.
Няма сігналу
Чым мацней старасць і ўсё, што з’яўляецца яе наступствам, не шкадуе Аляксандра Лукашэнку, тым імклівей, жадней і нахабней становіцца яго асяроддзе. Іх задача — паспець нахапаць, пакуль гэта магчыма. Нахапаць, пакуль ніхто не адмаўляе ім у тым, што ім упадабалася. І пакуль ніхто не рызыкуе выстаўляць прэтэнзіі наконт таго, як гэта нахапваецца.
У Расіі, на якую асобныя прадстаўнікі лукашэнкаўскай дзелавой эліты таксама паклалі вока, іх статус недатыкальных, аднак, не працуе. Бо для мясцовых «крамлёўскіх вежаў» Лукашэнка не аўтарытэт. І ніколі ім не быў. А таму для іх кішэнных рэгулятараў спасылкі на яго — як гарох аб сцяну. Там свае правілы, якія трэба выконваць. Не выконваеш — чакай пазоваў і штрафаў. Ці чагосьці горшага.
Тое, што мясцовыя правілы не перапісваюцца па сігнале з Драздоў, за апошнія некалькі месяцаў адчулі на сабе некалькі набліжаных да Лукашэнкі нуварышаў.
«Рыбная каралева» без крэветкі і з валютнай «чорнай меткай»
Людміле Неронскай, якая мае ўваход у сям’ю галоўнага пераемніка Аляксандра Лукашэнкі — Віктара, у Беларусі належаць амаль усе кампаніі, што прадаюць звадкаваны газ, доля ў лепшай прыватнай медыцынскай клініцы «Мерсі» і пара навенькіх рыбаперапрацоўчых заводаў. Сёлета да іх ціхай сапай дадалася прыватызаваная «Белрыба». Акрамя таго, бізнэсвумен будуе сетку фірмовых крамаў.
Аднак у Расіі, дзе яна завяла рыбацкую кампанію «Союзные рыбные промыслы», ёй не стае «рэсурсу».
Спачатку яго не хапіла, каб па просьбе Неронскай Росрыболовство павялічыла ў 2026 годзе квоту на вылаў рыбы яе ўладзівастоцкімі траўлерамі.
Расійскае ведамства не толькі не выканала просьбу беларускай «рыбнай каралевы», але і скараціла квоту — за тое, што папярэдняя не была цалкам асвоена. Таксама Росрыболовство праігнаравала настойлівыя пажаданні мінскай бізнэсвумен атрымаць дазволы на здабычу ў расійскіх тэрытарыяльных водах больш каштоўных відаў рыбы і крэветак.
А нядаўна, як даведаўся Plan B., уладзівастоцкі бізнес Людмілы Неронскай трапіў у поле зроку прыморскіх падаткавікоў. Яны не зважылі на тое, што ў Беларусі яна недатыкальная. У выніку праверкі «Союзных рыбных промыслов» выявілі «грэх грахоў» — парушэнні валютнага заканадаўства.
Кампанія панесла за гэта адміністрацыйнае пакаранне.
У чым сутнасць парушэнняў — у судовых дакументах падрабязнасцяў няма. Але кіраўніцтва і ўладальнікі «Союзных рыбных промыслов» абурыліся. Яны падалі ў суд і патрабуюць прызнаць саму праверку падатковай інспекцыяй па Прыморскім краі «выканання патрабаванняў валютнага заканадаўства і яе вынікаў» незаконнай, а прадпісанні «аб ухіленні выяўленых парушэнняў валютнага заканадаўства» — несапраўднымі. Таксама кампанія Неронскай настойвае на ануляванні адміністрацыйнага пакарання.
Справа ў разгары. І цікава будзе паглядзець, ці хопіць у істца магчымасцяў апраўдацца, нават калі паступіць званок з Драздоў.
Асабісты тэнісіст Лукашэнкі з пеняй
Сяргей Цяцерын у апошнія гады дзякуючы пакроўніцтву Аляксандра Лукашэнкі вырас у буйнага бізнесоўца. Аднак «званка сябру» з-за праблем у Расіі рабіць не стаў.
Асабісты трэнер Аляксандра Лукашэнкі па тэнісе шмат гадоў трымаўся ў цені. Карысныя сувязі пачаў ператвараць у бізнэс-праекты толькі з другой паловы 2010-х. Але ўжо дасягнуў уражлівых маштабаў. Бізнэс-імперыя Сяргея Цяцерына ахоплівае нерухомасць, будаўніцтва, рэкламу, гандаль алкаголем, а таксама сельскую гаспадарку.
Карэнны мінчук зарэгістраваўся фермерам, абраўшы для гэтага родныя мясціны Лукашэнкі — пасёлак Хімы паблізу Копысі і рэзідэнцыі свайго пакроўніка. Падрабязна пра станаўленне аграімперыі Цяцерына, ядром якой з’яўляецца Сялянская гаспадарка «Старт ТС», распавядалі беларускія расследавальнікі з «БюроМедиа». Апошнімі гадамі гаспадарка Цяцерына прырасла двума перададзенымі яму ў кіраванне сельгаспрадпрыемствамі Аршанскага раёна — «Межава-Агра» і «Зубравічы-Агра». Адзін з іх галоўных прадуктаў — мармуровая ялавічына.
Аграбізнес Цяцерына таксама выйшаў на міжнародны рынак — у Расію. Праўда, з нюансамі.
Як звярнуў увагу Plan B., судзячы па яшчэ адной судовай справе, «Старт ТС» рашыла не плаціць 150 тыс. расійскіх рублёў (каля 1,8 тыс. долараў) свайму маскоўскаму кантрагенту «Алгой». Той чакаў грошай амаль два гады і, не дачакаўшыся, сёлета звярнуўся ў суд. Цяпер паводле рашэння расійскага правасуддзя Цяцерын павінен дадаць да гэтай сумы яшчэ каля 1 тыс. долараў пені і аплаціць судовыя выдаткі.
Гучыць незвычайна. Цікава, колькі беларускіх бізнесоўцаў хацелі б пачуць падобную рэзалюцыю па сваіх пытаннях?
Мікалай Верацельнікаў, planbmedia.io