BE RU EN

Ну вельмі цяжка стрымацца

  • Наста Захарэвіч
  • 2.09.2026, 12:00

Менавіта такімі дурнымі забаронамі і знішчаецца ўсё жывое.

Чытаю, як навіну пра забарону ў Баранавіцкай школе пэўным чынам стрыгчы і фарбаваць валасы абмяркоўваюць як дагэтуль нябачнае новаўвядзенне. Абурэнне падзяляю, а вось здзіўлення не разумею. Гэта ж не навіна!

Тут, прызнаюся, хочацца пагардліва дадаць: я вельмі рада за тых, каму такое сапраўды ў навінку. Мне самой, на жаль, давялося ў такіх умовах павучыцца пару гадоў яшчэ ў нулявых. Брэст, ліцэй № 1 імя А. С. Пушкіна — у школьнай адміністрацыі была сапраўдная фіксацыя на тым, як павінны выглядаць дзеці. Проста цёмны касцюм і светлая блузка або гальф? Не, гэтага недастаткова! Не дай бог, штаны не зусім вісяць, а хоць крыху аблягаюць сцёгны!

А калі мая аднакласніца пафарбавала частку валасоў ружовым адценкавым бальзамам, быў велізарны скандал. І калі дзяўчына са старэйшай паралелі нанесла на пазногці бэжавы лак — таксама. А скандал, каб вы разумелі, у гэтым нібыта вельмі элітарным месцы азначаў не проста выклік бацькоў, а самы сапраўдны крык, часам з абразамі. І адміністрацыя была свята ўпэўненая, што такім чынам паляпшае дысцыпліну, павышае матывацыю і наогул робіць дзяцей больш зацікаўленымі ў вучобе.

Спойлер — не.

Успамінаючы, з якімі эмоцыямі я ішла ў той школьны будынак, і азіраючыся на ўласныя і чужыя поспехі, я цяпер не сумняваюся, што ўсё добрае адбывалася насуперак, а не дзякуючы той жорсткай сістэме, якая хацела пазбавіць нас любой індывідуальнасці і ператварыць проста ў машыну для падтрымання школьнага рэйтынгу. Бо, ну праўда, калі яшчэ эксперыментаваць з тымі ж валасамі, калі не ў падлеткавым узросце?

Пацверджанне майму інтуітыўнаму «якая ж гэта дурнота» прыйшло даволі хутка — заканчваць школу я з’ехала ў Ліцэй БДУ, дзе не было ні школьнай формы, ні пытанняў да колеру валасоў і пазногцяў. Пры гэтым узровень паспяховасці ў саміх школах быў несупастаўны — калі ў Брэсце ў ліцэі я была зоркай, дык тут стала самай звычайнай, сярэдненькай, бо зоркамі былі ўжо ўсе, і рэспубліканскімі алімпіядамі ў Ліцэі БДУ дакладна нікога не здзівіш.

Затое ах як здзівілася дырэктарка Брэсцкага ліцэя, калі прыехала ў Ліцэй БДУ на свята, а я сустрэла яе на ўрачыстым канцэрце ў джынсах, красоўках і футболцы з расшпіленай кашуляй! Мінула больш за 15 гадоў, а тое, як асалода ад яе разгубленасці разлівалася цеплынёй па маім целе, я памятаю так, быццам гэта было ўчора.

Цяпер, вядома, у Ліцэі БДУ не засталося нічога ад той свабоды, у якой мы там літаральна расквітвалі. Ці з’явіцца ў ім таксама памятка пра тое, як можна і як нельга стрыгчы валасы? Ці ёсць яму яшчэ куды падаць пасля таго, як ён атрымаў імя Фелікса Дзяржынскага? Ці ёсць куды падаць усёй сістэме?

Гэтыя пытанні не рыторычныя, і адказ на іх відавочны: прасторы для падзення яшчэ шмат! Можна яшчэ ўзмацняць мілітарызацыю, можна і далей пазбаўляць дзяцей індывідуальнасці і не дазваляць ім нават думаць пра эксперыменты.

Але ў нейкі момант колькасныя змены абавязкова перайдуць у якасныя. Магчыма, гэтыя дзеці з аднолькавымі стрыжкамі будуць вельмі зручнымі, але пра інавацыі і ўжо навуковыя эксперыменты наўрад ці давядзецца марыць. І справа, вядома, не ў тым, што для развіцця ў навуцы ці тэхналогіях патрэбны іракез. Справа ў тым, што менавіта такімі дурнымі забаронамі і знішчаецца ўсё жывое.

Здавалася б, 2026 год: у Кітаі робаты-гуманоіды бягаюць стамятроўкі хутчэй за людзей-рэкордсменаў, у Вялікабрытаніі праводзяць аперацыю на галаўным мозгу з дапамогай ШІ, а ў беларускіх школах дазваляюць толькі пэўныя віды стрыжак. Я шчыра лічу, што параўнанні з Паўночнай Карэяй выглядаюць вульгарна, але ў гэтым выпадку ну вельмі цяжка стрымацца!

Наста Захарэвіч, «Белсат»

Апошнія навіны