BE RU EN

Зяленскі даў старт аперацыі M&M's

  • 2.09.2026, 13:26

Украіна закрывае расійскае неба.

Заява прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што паветраная прастора Расіі «становіцца небяспечнай» для авіякампаній, фактычна азначае пачатак аперацыі пад кодавай назвай M&M's. Пра гэта заявіў журналіст The Atlantic Сайман Шустэр, які яшчэ ў жніўні першым паведаміў пра планы Украіны правесці гэтую аперацыю.

Паводле слоў журналіста, адна з крыніц, што распавяла яму пра падрыхтоўку аперацыі, пацвердзіла: словы Зяленскага датычацца менавіта M&M's.

1 верасня ўкраінскі прэзідэнт заявіў, што паветраная прастора Расіі становіцца небяспечнай для авіякампаній, страхоўшчыкаў і іншых удзельнікаў міжнародных авіяперавозак. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Украіна не стварае пагрозы для грамадзянскай авіяцыі і не збіраецца атакаваць пасажырскія самалёты. Разам з тым, паводле яго слоў, з-за актыўнасці беспілотнікаў у небе над Расіяй сітуацыя з авіяперавозкамі змяняецца.

Асобна Зяленскі звярнуўся да авіякампаній, якія працягваюць выконваць рэйсы ў расійскія аэрапорты — у прыватнасці, у Маскву, Санкт-Пецярбург і па іншых ключавых напрамках.

«Міністэрства замежных спраў Украіны і адпаведныя нашыя ведамствы пададуць міжнародным структурам поўную інфармацыю пра небяспекі ў расійскім небе. Грамадзянскай авіяцыі не месца сярод дронаў», — падкрэсліў прэзідэнт.

Раней, 21 жніўня, The Atlantic са спасылкай на крыніцы паведаміў, што Украіна рыхтуе аперацыю M&M's з выкарыстаннем рояў аўтаномных беспілотнікаў на базе штучнага інтэлекту. Як пісалі журналісты выдання, план прадугледжваў штодзённы запуск да тысячы невялікіх дронаў, якія павінны былі ўскладніць працу сталічных аэрапортаў Расіі, прымусіць міжнародныя авіякампаніі адмовіцца ад палётаў у Маскву, узмацніць ізаляцыю расійскай эліты і аказаць дадатковы ціск на Крэмль, падштурхнуўшы яго да перамоваў.

Апошнія навіны