Украіна закрые неба і для Беларусі?
- Андрэй Бронішэўскі
- 2.09.2026, 14:48
«Белавія» можа не перажыць такое развіццё падзей.
У аўторак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэдзіў авіякампаніі, што ў Расію лепш не лётаць. Ніхто не сумняваецца, што ў Украіны дастаткова тэхнічных магчымасцяў, каб цалкам закрыць неба прынамсі над еўрапейскай часткай Расіі. Дык што, здаецца, беларусы хутка могуць застацца наогул без неба. А самалёты «Белавія» можна будзе ставіць на бестэрміновы прафілактычны рамонт.
«Сёння мы хочам папярэдзіць кожную авіякампанію, якая карыстаецца расійскай паветранай прасторай, кожнага страхоўшчыка, усіх, хто яшчэ карыстаецца ключавымі расійскімі аэрапортамі: расійскае неба становіцца цалкам небяспечным, — сказаў Зяленскі. — Грамадзянскай авіяцыі сярод дронаў не месца».
Пуцін назваў словы Зяленскага заяўкай на дзяржаўны тэрарызм. Пры гэтым ён даручыў узмацніць удары па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры. Весці перамовы з Украінай Пуцін адмовіўся.
Дык што перспектывы для расійскага неба выглядаюць змрочнымі. Бо, каб яго закрыць, не трэба бамбіраваць аэрапорты. Досыць, каб побач з гэтымі аэрапортамі ляталі баявыя ўкраінскія дроны.
«Неба над Расіяй цяпер — для дронаў. Не для грамадзянскай авіяцыі», — сказаў Зяленскі.
Сусветныя авіякампаніі як-небудзь перажывуць закрыццё неба над Расіяй. А вось «Белавія» — не факт. Усе суседзі закрылі неба для беларускіх самалётаў яшчэ з 2021 года, калі Аляксандр Лукашэнка вырашыў заняцца паветраным пірацтвам. З тых часоў Расія заставалася адзіным даступным паветраным маршрутам. Штогод у Расію або праз Расію лятае 1,5–2 мільёны беларусаў. Ад 300 да 500 тысяч выкарыстоўваюць Расію як транзітную краіну.
Нельга сказаць, што гэта быў камфортны маршрут. Затрымкі рэйсаў і неабходнасць рабіць гіганцкі крук з-за налётаў дронаў на такіх маршрутах сталі звычайнай справай. Літаральна тыдзень таму самалёту з Мінска ў Кутаісі давялося ляцець праз Казахстан з дазапраўкай. Замест 4 гадзін палёт цягнуўся восем. Але калі Украіна выканае сваю пагрозу, то і пра такія палёты застанецца толькі ўспамінаць з настальгіяй.
А самае крыўднае, што для «Белавіі» жыццё толькі-толькі пачало наладжвацца. Амерыканцы адмянілі абмежаванні, пасажырапаток упершыню пачаў расці ў параўнанні з дасанкцыйнымі часамі. Кампанія адкрыла або аднавіла 15 новых рэйсаў і абслугоўвае 18 рэйсаў у розныя гарады Расіі. А цяпер замест Тэль-Авіва або Масквы беларускім боінгам застануцца Гомель або Брэст.
Дарэчы, ва Украіне неба для грамадзянскай авіяцыі закрыта з 24 лютага 2022 года. Цяпер і беларусам давядзецца адчуць на сабе некаторыя «прыгажосці» «спецыяльнай ваеннай аперацыі», якую распачаў галоўны саюзнік Лукашэнкі.
Андрэй Бронішэўскі, planbmedia.io