BE RU EN

Другі па магутнасці НПЗ Расіі поўнасцю спыніў перапрацоўку нафты

  • 2.09.2026, 15:37

Прадпрыемства з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком паліва для Санкт-Пецярбурга.

Другі па магутнасці нафтаперапрацоўчы завод Расіі «Киришинефтеоргсинтез» поўнасцю спыніў перапрацоўку нафты пасля атак беспілотнікаў 30 жніўня. Прадпрыемства забяспечвае каля 7 % усёй нафтаперапрацоўкі РФ і з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком паліва для Санкт-Пецярбурга і паўночна-заходніх рэгіёнаў краіны, піша расійскае выданне The Moscow Times са спасылкай на даследаванні Reuters і Financial Times.

Паводле дадзеных дзвюх крыніц у галіне, у выніку атакі на заводзе былі пашкоджаныя дзве ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты.

Устаноўка АВТ-6 здольная перапрацоўваць 22 860 тон нафты за суткі і забяспечвае каля 40 % агульнай магутнасці прадпрыемства. Магутнасць другой устаноўкі — АТ-1 — складае 4860 тон за суткі, або яшчэ 8 %.

На НПЗ ёсць яшчэ дзве ўстаноўкі — АТ-6 і АВТ-2, на якія ў сукупнасці прыпадаюць астатнія 52 % магутнасці. Аднак на момант атакі яны ўжо не працавалі.

«Киришинефтеоргсинтез» належыць «Сургутнафтагазу» і мае праектную магутнасць 20 млн тон нафты ў год. Па гэтым паказчыку ён у РФ саступае толькі Омскаму НПЗ з магутнасцю 22 млн тон.

Штогод прадпрыемства вырабляе каля 2 млн тон бензіну і 7 млн тон дызельнага паліва.

Гэта не першы працяглы прыпынак працы прадпрыемства ў 2026 годзе. Пасля атак БПЛА 26 сакавіка і 5 мая НПЗ таксама спыняўся на рамонт.

Апошнія навіны