Ва Украіне ўвядуць два ўзроўні пагрозы пры паветраных трывогах
- 2.09.2026, 17:11
Жоўты і чырвоны.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі у сераду, 2 верасня, заявіў, што ва Украіне абновяць сістэмы апавяшчэння аб пагрозе і ўвядуць два ўзроўні пагрозы — жоўты і чырвоны.
Кіраўнік украінскай дзяржавы ў Telegram паведаміў, што выслухаў даклад прэм’ер-міністра Сяргея Карэцкага аб падрыхтоўцы рэакцыі на змену тактыкі расійскіх удараў — выкарыстанне дронаў для знясілення жыцця ў украінскіх гарадах і эканомікі.
«Па-першае: будуць абноўлены сістэмы апавяшчэння аб наяўнай пагрозе. Людзі павінны дакладна разумець, на што і як менавіта трэба рэагаваць. Будуць уведзены два ўзроўні абазначэння канкрэтнай пагрозы — жоўты і чырвоны», — заявіў Зяленскі.
Генеральны штаб ЗСУ, Паветраныя сілы, урад, Міністэрства абароны, МУС і ДСНС штотыдзень будуць вызначаць, якая пагроза адпавядае жоўтаму і чырвонаму ўзроўням трывог. Паводле слоў прэзідэнта, жоўты ўзровень прадугледжвае налёт дронаў, а чырвоны — ракетную небяспеку, пагрозу балістыкі і масіраваныя атакі.
Ва Украіне таксама зменяць сігналы апавяшчэння пра паветраную трывогу ў адпаведнасці з жоўтым або чырвоным узроўнямі пагрозы. Прэзідэнт адзначыў, што ўжо адменены паўторны запуск сірэны пры адбоі трывогі — сірэна цяпер будзе гучаць толькі падчас абвяшчэння трывогі.
Паводле слоў Зяленскага, падрыхтоўваюцца больш дакладныя і адрозныя паводле ўзроўню пагрозы гукавыя сігналы апавяшчэння пра паветраную трывогу.
«Галоўная мэта гэтых зменаў — даць людзям і бізнесу ва Украіне больш прадказальнасці і разумення, як рэагаваць у кожным канкрэтным выпадку. Даручыў таксама прапрацаваць больш дакладную геаграфічную дыферэнцыяцыю трывог, каб абвяшчэнне трывогі і рэагаванне адбывалася менавіта ў той частцы мясцовасці, дзе аб’ектыўна існуе пагроза», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама сказаў, што ўрад, мясцовыя органы ўлады, вайскоўцы, МУС і ДСНС павінны вызначыць дакладныя крытэрыі, каб дзяржаўныя структуры, органы мясцовага самакіравання і бізнес маглі працаваць падчас жоўтага ўзроўню пагрозы.
Зяленскі даручыў прэм’еру падрыхтаваць дадатковыя крокі для падтрымкі бізнесу, якія дазволяць аператыўна маштабаваць разгортванне мадульных сховішчаў.