Крым ахапіў палівны крызіс
- 2.09.2026, 20:30
На акупаваным паўвостраве бензін будуць прадаваць па чатыры гадзіны ў суткі.
У акупаваным Расіяй Крыме ў сувязі з недастатковымі аб'ёмамі паставак паліва бензін будуць прадаваць па чатыры гадзіны ў суткі, паведаміў так званы «кіраўнік рэспублікі» Сяргей Аксёнаў.
«Пастаўкі паліва ў рэгіён пакуль не пакрываюць поўную патрэбу жыхароў. Частка крымчан на дадзеным этапе, на жаль, сутыкнецца з абмежаваным доступам да бензіну», — напісаў ён у тэлеграм-канале.
Аксёнаў абвясціў, што цяпер сутачны аб'ём паліва будзе выдавацца на запраўках у два этапы: з 08:00 да 10:00 і з 18:00 да 20:00. А ў 07:00 на інтэрактыўнай карце заправаў Міністэрства паліва і энергетыкі будзе з'яўляцца актуальная інфармацыя пра тое, на якіх АЗС ёсць бензін і дызельнае паліва.
Акрамя таго, збоі з пастаўкамі маторнага паліва фіксуюцца на АЗС Цюменскай вобласці, з-за чаго каля заправаў утвараюцца доўгія чэргі, паведаміў кіраўнік рэгіёна Аляксандр Моор. «Мы працягваем весці перамовы з кіраўніцтвам нафтавых кампаній аб павелічэнні аб'ёмаў паставак паліва ў рэгіён», — адзначыў ён.