Школе ў Навагрудку прысвоілі імя мастака, якога называюць «беларускім Леанарда да Вінчы»
- 20.09.2026, 8:50
Каб гэта адбылося, давялося нямала папрацаваць.
Сярэдняй школе № 7 Навагрудка прысвоілі імя мастака Язэпа Драздовіча. Урачыстае мерапрыемства адбылося 17 верасня. Аднак, каб гэта адбылося, кіраўніцтву школы давялося нямала папрацаваць, расказвае газета «Новае жыццё».
— Паколькі ў Язэпа Драздовіча не было дзяцей, знайсці яго сваякоў было няпроста. Ад супрацоўнікаў Мастацка-этнаграфічнага музея імя Я. Н. Драздовіча, які знаходзіцца ў Шаркаўшчынскім раёне, мы даведаліся, што ёсць адзін далёкі сваяк, які працуе ў Глыбоцкім лясніцтве. Я яго знайшла і атрымала згоду на прысваенне нашай школе імя Язэпа Драздовіча, — расказала дырэктар установы адукацыі Алена Казак.
Падчас мерапрыемства Казак расказала, што жыццё мастака, якога называюць беларускім Леанарда да Вінчы, цесна звязана з Навагрудкам.
— У 1927—1929 гадах ён выкладаў маляванне ў Навагрудскай беларускай гімназіі. Ёсць таксама цыкл працаў Язэпа Драздовіча, прысвечаных Навагрудчыне, — адзначыла яна.
Язэп Драздовіч — мастак, этнограф, пісьменнік. Ён нарадзіўся ў Глыбоцкім раёне, а вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе. Шмат падарожнічаў па Беларусі, замалёўваў архітэктуру, побыт і краявіды. Асобнае месца ў яго творчасці займаюць фантастычныя карціны пра космас і планеты. Яго лічаць адной з самых незвычайных і самабытных постацей беларускага мастацтва XX стагоддзя. Унікальнасць майстра прызналі толькі пасля смерці.