BE RU EN

СМІ: Масква ўпершыню магла трапіць пад удар украінскай балістыкі

  • 20.09.2026, 12:37

Зяленскі згадаў ракеты Pelican.

У ноч на 20 верасня Сілы абароны Украіны нанеслі масіраваны ракетна-дронны ўдар па сталіцы Расіі. Выкарыстоўваліся, меркавана, і балістычныя ракеты Pelican. Пра гэта раніцай паведаміў кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі. Прэзідэнт Украіны пацвердзіў паражэнне аднаго з найбуйнейшых НПЗ Расіі ў Капотні і «аб’екта лагістыкі» — складскога комплексу ў Сафрына.

«У Маскоўскім рэгіёне гэтай ноччу вельмі адчувальна спрацавалі нашы дальнабойныя адказы. Ёсць паражэнне аднаго з ключавых прадпрыемстваў нафтавай прамысловасці РФ і аб’екта лагістыкі агрэсара. Гэта мільярды долараў, якія падтрымліваюць ваенную машыну», — распавёў Зяленскі.

Ён паведаміў таксама пра паспяховае паражэнне пэўнага прадпрыемства ў Варонежскай вобласці. Прэзідэнт падзякаваў за дакладнасць украінскім падраздзяленням, якія ўдзельнічалі ў аперацыі. Гэта Сілы беспілотных сістэм ЗСУ, СБУ, ССО, ваенная разведка, а таксама СВР.

«Масква павінна не будаваць эшаляваныя кольцы СПА за кошт іншых рэгіёнаў, а завяршыць сваю жорсткую вайну і выбраць мір. На стале ёсць крокі па дэскалацыі: у энергетыцы, харчовай бяспецы. Патрэбная палітычная воля», — заявіў Зяленскі.

Ён пералічыў узбраенне, якое выкарыстоўвалася падчас атакі. Гэта дальнабойныя ўдарныя БПЛА FP-1, RZ-100, MICH-2000, «Лютыя», «Січэнь» і «Барсы», ракета-дрон «Паляніца», Vendetta, а таксама Pelican, піша «Дыялог.UA».

Згадка пра Pelican выклікала асаблівую цікавасць у грамадскасці. Справа ў тым, што менавіта пад такой назвай ствараецца першая ўкраінская балістыка — FP-7 Pelican. Пакуль няма дакладнага пацверджання, што гаворка ідзе менавіта пра гэтыя ракеты.

Валанцёр Сяргей Стерненка засумняваўся, што гэта магла быць балістыка. «Насамрэч, калі гаворка ідзе менавіта пра ракету «Pelican», яна ж FP-7, то яе заяўленая дальнасць — да 350 км. А да Масквы каля 500 км. Магчыма, ёсць яшчэ нейкі выраб пад назвай «Pelican». Пачакайма дэталяў», — адзначыў ён.

Апошнія навіны