Памер Нобелеўскай прэміі павялічылі
- 20.09.2026, 16:34
Колькі атрымаюць лаўрэаты.
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі будуць атрымліваць больш грошай. Рашэнне пра павелічэнне прэміі прыняў Нобелеўскі фонд.
Там заявілі, што з 2026 года выплата складзе 12 млн шведскіх крон у кожнай катэгорыі, што на 1 млн больш, чым было раней. Выніковая сума — прыблізна $1,22 млн.
«Сёлета мы адзначаем 125-годдзе Нобелеўскай прэміі, і ў сувязі з гэтым нам прыемна паведаміць пра павелічэнне сумы ўзнагароды на адзін мільён. Павышаючы памер прэміі, мы падтрымліваем доўгатэрміновую значнасць гэтай узнагароды і забяспечваем захаванне каштоўнасці яе грашовай складовай з цягам часу», — кажа Ханна Шэрнэ, выканаўчая дырэктарка Нобелеўскага фонду.
Прэмію ўручаюць з 1901 года, і доўгі час лаўрэаты атрымлівалі 150,7 тыс. крон. Але за апошнія 15 гадоў памер выплаты не раз пераглядалі.
Так, у 2012 годзе яе знізілі з 10 да 8 млн крон адначасова з запускам маштабнай праграмы па ўмацаванні фінансавага становішча Нобелеўскага фонду. З таго часу памер прэміі павялічваўся тройчы.
Традыцыйна лаўрэатаў прэміі абвесцяць з 5 па 12 кастрычніка. А ўручэнне адбудзецца 10 снежня ў Стакгольме.