BE RU EN

Калі беларусам могуць прызначыць пенсію пазней, чым звычайна, — у 60 або 65 гадоў?

  • 20.09.2026, 18:29

Мінпрацы растлумачыла.

У Беларусі аднаго дасягнення пенсійнага ўзросту для прызначэння працоўнай пенсіі недастаткова. Вялікае значэнне мае страхавы стаж: калі яго не хапае, мужчынам пенсію могуць прызначыць толькі з 65 гадоў, жанчынам — з 60. Пра гэта нагадалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

У ведамстве ўдакладнілі, што на агульных падставах мужчыны ў Беларусі выходзяць на пенсію ў 63 гады, жанчыны — у 58 гадоў. Пры гэтым агульны стаж працы павінен складаць не менш за 25 гадоў для мужчын і 20 гадоў для жанчын. Яшчэ адна ўмова — страхавы стаж. З 2025 года патрабуецца не менш за 20 гадоў.

Калі 20 гадоў страхавога стажу чалавек не набраў, але мае прынамсі 10 гадоў сплаты ўзносаў у ФСАН, ён можа разлічваць на працоўную пенсію па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы. Аднак прызначаць яе пазней: мужчынам — з 65 гадоў, жанчынам — з 60.

Калі неабходнага страхавога стажу няма і для такой пенсіі, чалавеку можа быць прызначана сацыяльная пенсія. Узрост той самы: 65 гадоў для мужчын і 60 гадоў для жанчын.

Працоўны стаж паказвае, колькі гадоў залічваецца чалавеку ў агульны стаж, а страхавы — колькі часу за яго плацілі ўзносы на пенсійнае страхаванне (у ФСАН).

Апошнія навіны