BE RU EN

У Маскве пачаў знікаць бензін

  • 20.09.2026, 19:38

Украінскія дроны нанеслі ўдар па НПЗ у Капотні.

На запраўках сеткі «Газпром нефть» у Маскве 20 верасня стаў знікаць бензін пасля начнога ўдару ўкраінскіх беспілотнікаў і буйнага пажару на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Капотні (МНПЗ), які належыць кампаніі. Пра гэта паведамляе msk1.ru. Журналіст выдання праверыў наяўнасць паліва на АЗС сеткі ў раёне Гальянова на ўсходзе сталіцы і высветліў, што бензіну там няма. «Сёння сказалі вывесіць аб’яву, што прадаем бензін па 30 літраў [на адзін аўтамабіль]. А цяпер і ўвогуле бензіну няма, мы яе знялі. Дык што чакаем, калі завязуць. Тэрмінаў пакуль не паведамлялі, па факце самі даведаемся», — сказаў супрацоўнік станцыі.

Да гэтага тэлеграм-канал «Раньше всех, ну почти» паведаміў, што на сталічных запраўках «Газпром нефть» раніцай быў уведзены новы ліміт на адпуск бензіну — 30 літраў на машыну, хаця яшчэ ў суботу ён быў удвая вышэйшы. На гарачай лініі кампаніі, якая ўвяла абмежаванне на продаж бензіну ў Маскве месяц таму, не змаглі даць тлумачэнняў наконт новых агульных лімітаў па горадзе. Аднак там адзначылі, што на кожнай запраўцы звычайна дзейнічаюць розныя абмежаванні. Напрыклад, на станцыі ў раёне Паўднёвае Чартанова гэта 40 літраў бензіну ў адны рукі. «Хутчэй за ўсё, па вашым рэгіёне так і будзе на ўсіх. Гэта яшчэ залежыць ад таго, аўтаматычная яна ці не», — паведамілі на гарачай лініі. Украінскія дроны паразілі МНПЗ, які забяспечваў каля траціны спажывання паліва ў сталіцы, у ноч на нядзелю.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведамляў, што «некалькі беспілотнікаў дасягнулі тэрыторыі МНПЗ» і што на тэрыторыі комплексу быў пашкоджаны пэўны аб’ект. У раёне завода, намінальная магутнасць якога дасягае 14 млн тон у год, з’явілася некалькі буйных ачагоў пажараў.

Атаку на завод пацвердзілі ўкраінскія ўлады. Паводле звестак Генштаба ЗСУ, у выніку ўдару былі пашкоджаны ўстаноўка першаснай перапрацоўкі АВТ-6, комплексная ўстаноўка перапрацоўкі нафты і ўстаноўка ізамерызацыі. «Прадпрыемства ажыццяўляе перапрацоўку нафты і вырабляе аўтамабільныя бензіны, дызельнае і авіяцыйнае паліва, мазут і іншую нафтапрадукцыю. Завод задзейнічаны ў забеспячэнні патрэб Узброеных Сіл Расіі», — заявілі ўкраінскія вайскоўцы.

Раней МНПЗ ужо прыпыняў працу пасля атак 16 і 18 чэрвеня — выходзілі са строю абедзве ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты. Паводле дадзеных Financial Times, прадпрыемства ўдалося перазапусціць, але яно працавала толькі на траціну магутнасці.

Апошнія навіны