Wildberries і Ozon сутыкнуліся з валам пазоваў ад сэлераў
- 20.09.2026, 21:16
Пазовы «пасыпаліся» пасля ўдараў БПЛА па складах.
Найбуйнейшыя расійскія маркетплэйсы Wildberries і Ozon, якія панеслі мільярдныя страты з-за ўдараў украінскіх дронаў па іх складах, сутыкнуліся з масавымі пазовамі ад прадаўцоў, піша «Коммерсант». З 15 ліпеня па 15 верасня ў адрас ООО РВБ (Wildberries) падалі 599 заяў, як вынікае з базы СПАРК. Гэта на 53,6% больш, чым за той жа перыяд годам раней. Юрыдычная асоба Ozon — ООО «Интернет Решения» — стала адказчыкам па 236 новых пазовах, і гэты паказчык больш чым у два разы перавышае леташні. Значная доля прэтэнзій зыходзіць ад невялікіх кампаній, што займаюцца анлайн-гандлем. Сістэматычныя ўдары па лагістычных аб’ектах Wildberries пачаліся 18 ліпеня, склады Ozon сталі атакаваць з 25 жніўня.
У Міжнароднай асацыяцыі развіцця маркетплэйсаў і прадпрымальнікаў адзначалі, што ў выніку налётаў пацярпелі больш за 400 тыс. сэлераў, а сукупныя страты дасягнулі 600–800 млрд рублёў. Новыя пазовы супраць Wildberries і Ozon сталі часцей падаваць менавіта праз страты тавару сэлерамі, адзначаюць у Саюзе прадаўцоў маркетплэйсаў (СПМ). Кіраўнік практыкі «Лічбавізацыя» «КСК Групп» Михаил Болдырев сказаў, што гаворка ідзе ў тым ліку пра наступствы атак на інфраструктуру маркетплэйсаў. Паводле яго слоў, прадаўцы Wildberries актыўна выкарыстоўваюць справаздачы пра шкоду, якія кампанія выгружае. Яны накіроўваюць прэтэнзіі і аспрэчваюць адмову платформы ад адказнасці.
Эксперт таксама адзначае, што частка пазоваў ад сэлераў можа быць звязаная з затрымкамі выплат з боку Wildberries. Згодна з апытаннем СПМ, 95,6% прадаўцоў заяўлялі, што не атрымалі грошы за разліковы тыдзень з 27 ліпеня па 2 жніўня, у той час як раней са збоямі сутыкалася значна меншая колькасць сэлераў. У Wildberries прычынай затрымак называлі DDoS-атакі. На мінулым тыдні стала вядома, што прадаўцы заяўлялі ўраду пра 20 млрд рублёў нявыплачаных выплат па выніках продажаў за апошні тыдзень ліпеня.
Падаваныя прадаўцамі пазовы аб спагнанні стратаў бываюць больш складанымі, чым ранейшыя прэтэнзіі да маркетплэйсаў, сказаў дырэктар Інстытута развіцця прадпрымальніцтва і эканомікі Артур Гафаров. Ён адзначае, што платформы ў межах судовых разбораў спасылаюцца на форс-мажорныя абставіны, што можа вызваліць іх ад выплат.
На думку спікера, колькасць падобных спрэчак паміж сэлерамі і маркетплэйсамі будзе павялічвацца як мінімум праз рост колькасці саміх прадпрымальнікаў. Гафаров называе прадметам разгляду штрафы і ўтрыманне грашовых сродкаў, блакіроўку асабістых кабінетаў, камісіі і лагістычныя зборы.