Лукашэнка прыняў з дакладам свайго спецпасланніка Шэймана
- 21.09.2026, 14:59
Гаворка ішла не толькі пра Афрыку.
Дыктатар Аляксандр Лукашэнка 21 верасня прыняў з дакладам свайго спецыяльнага пасланніка Віктара Шэймана.
Лукашэнку далажылі «аб рэалізацыі шэрагу праектаў, звязаных з рэальным сектарам эканомікі і развіццём новых высокатэхналагічных накірункаў».
Яшчэ адна ключавая тэма дакладу — праца па развіцці супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Афрыкі. Лукашэнка «пацвердзіў высокую зацікаўленасць у далейшым замацаванні пазіцый Беларусі на перспектыўных рынках краін Афрыкі, дзе ўжо знойдзены шэраг апорных кропак», — піша прэс-служба дыктатара.
«Да Афрыкі ў найбліжэйшы час мы яшчэ ўважлівей будзем прыглядацца. Ты ведаеш, што такое Афрыка для любой краіны. Тым больш для нашай», — заявіў Лукашэнка.
Віктар Шэйман лічыцца адным з галоўных куратароў беларускіх праектаў у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. Раней ён займаў пасаду кіраўніка спраў Лукашэнкі. У 2021 годзе ён пайшоў у адстаўку. Лукашэнка папрасіў былога падначаленага «далёка не сыходзіць» і «ўзяць на сябе» Кубу, Венесуэлу і «хвасты» ў Афрыцы.