Зяленскі адказаў на заклік Трампа наконт расійскіх НПЗ
- 21.09.2026, 17:21
Украіна гатовая дзейнічаць толькі на ўзаемнай аснове.
Украіна спыніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах у адказ на крокі Крамля па дэскалацыі.
Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на заяву прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна імкнулася да міру з самага пачатку вайны і ўжо вылучыла дзясяткі дыпламатычных прапаноў адносна таго, як годна яе завяршыць, забяспечыць бяспеку і прадухіліць новыя ўварванні РФ.
«Зараз працягваецца дыялог з прэзідэнтам Трампам і ЗША. Таксама разглядаюцца ідэі, якія могуць наблізіць мір, пачынаючы з рашучых крокаў па дэскалацыі. Энергетычны сектар Украіны, крытычная інфраструктура і наш харчовы экспарт павінны перастаць быць мішэнямі для Расіі, і гэта будзе падштурхоўваць нас да адпаведных крокаў па дэскалацыі», — сказаў ён.
Зяленскі дадаў, што ўкраінскі бок гатовы працаваць над рашэннямі і абмеркаваць гэтае пытанне з партнёрамі на палях Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
«Часы, калі цярпела толькі краіна, на якую напалі, мінулі. Сучасная прырода вайны такая, што агрэсар таксама будзе несці страты. Гэта стала магчымым дзякуючы тэхналогіям. Сіла лідарства дзяржаў можа — і павінна — забяспечыць дэскалацыю, бяспеку і мір», — падкрэсліў ён.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «вайну супраць Украіны і здаровага сэнсу» варта скончыць.
«З самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання яе наступствы сталі маштабнымі: чалавечыя страты, разбурэнні гарадоў і вёсак, пагрозы харчовай бяспецы, выклікі ў энергетыцы, а таксама надзвычайныя тэмпы тэхналагічнага развіцця — у прыватнасці з’яўленне аўтаномных дронаў і імклівае ўдасканаленне ўдарных магчымасцяў, якіх свет яшчэ не бачыў», — гаворыцца ў яго заяве.
Зяленскі рэзюмаваў, што кожны новы тыдзень вайны прыносіць усё больш праблем.